Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік парлямэнту Ўкраіны: NATO — адзіны мэханізм спыніць агрэсію Расеі


Cтаршыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій
Cтаршыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій

Вярхоўная Рада Ўкраіны пры падтрымцы 276 дэпутатаў з 357 прысутных на сэсіі ўхваліла заканадаўчыя ініцыятывы аб паглыбленьні супрацоўніцтва з Паўночнаатлянтычным альянсам (NATO) з мэтай набыцьця сяброўства ў гэтай арганізацыі.

«Уступленьне Ўкраіны ў NATO аднолькава важнае як для Ўкраіны, так і для Паўночнаатлянтычнага альянсу. Сёньня NATO ёсьць найбольш эфэктыўнаю сыстэмаю і адзінаю арганізацыяй у сьвеце, здольнай спыніць расейскую агрэсію і расейскага агрэсара», — заявіў старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій, прадстаўляючы адпаведныя законапраекты.

Паводле яго, Расея на працягу апошніх 20 гадоў перашкаджала інтэграцыі Ўкраіны ў NATO.

«Безь перабольшваньня можна сказаць, што ўсе гэтыя 20 гадоў для Расеі было вельмі важна, каб Украіна не ўвайшла ў склад найбольш эфэктыўнай сыстэмы бясьпекі ў сьвеце. І ў большай ступені гэта прывяло да расейскай агрэсіі. У яе было жаданьне мець права вета на зьнешнепалітычны курс Украіны, але сёньня адбыліся вельмі важныя зьмены. За 20 гадоў уступленьне да Паўночнатлянтычнага альянсу мае ва Ўкраіне найбольшую падтрымку», — падкрэсьліў сьпікер парлямэнту Ўкраіны.

Згодна зь сёньняшнім рашэньнем парлямэнту, адпаведныя зьмены наконт паглыбленьня супрацоўніцтва з NATO з мэтай набыцьця сяброўства ў гэтай арганізацыі будуць унесеныя ў два законы — аб прынцыпах унутранай ды вонкавай палітыкі, а таксама аб асновах нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны.

Украіна дэкляравала пазаблёкавы статус ад 2011 году. Тады з ініцыятывы праўладнай Партыі рэгіёнаў у закон аб прынцыпах унутранай ды вонкавай палітыкі была ўнесеная норма пра няўдзел краіны ў ваенна-палітычных саюзах. Аднак тагачасныя ўлады дэкляравалі пры гэтым прыярытэтнасьць ўдзелу Ўкраіны ва ўдасканаленьні і разьвіцьці эўрапейскае сыстэмы калектыўнай бясьпекі і працяг «канструктыўнага супрацоўніцтва з NATO ды іншымі ваенна-палітычнымі блёкамі ва ўсіх пытаньнях, што ўяўляюць узаемную цікавасьць».

У сьнежні 2014 году Ўкраіна адмовілася ад пазаблёкавага статусу, абгрунтоўваючы сваё рашэньне агрэсіяй Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG