Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дырэктар ФБР заявіў, што Трамп прасіў яго «праявіць ляяльнасьць»


Джэймс Коўмі

У чацьвер 8 чэрвеня звольнены дырэктар ФБР Джэймс Коўмі зьбіраецца расказаць камітэту Сэнату ў пытаньнях выведкі пра тое, што прэзыдэнт Дональд Трамп прасіў яго «праявіць ляяльнасьць». За дзень да слуханьняў Сэнацкі камітэт апублікаваў уступную прамову Коўмі на сямі старонках, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У падрыхтаванай заяве былы кіраўнік ФБР гаворыць пра пяць гутарак з прэзыдэнтам. Просьба была выказаная ў час размоў у Белым доме пра расьсьледаваньне ФБР у дачыненьні да дзейных супрацоўнікаў адміністрацыі, у тым ліку самога Трампа.

«Прэзыдэнт сказаў: „Мне патрэбна ляяльнасьць. Я чакаю ляяльнасьці“, — пераказвае Коўмі зьмест адной з гутарак у Авальным кабінэце. — Я не зрабіў ніводнага руху, нічога не сказаў і не зьмяніў якім-небудзь чынам выраз твару падчас няёмкага маўчаньня, якое надышло за гэтымі словамі. Мы проста глядзелі адзін на аднаго ў цішыні».

У дакумэнце таксама гаворыцца, што Коўмі тры разы сказаў Трампу, што расьсьледаваньне магчымых кантактаў ягонага асяродзьдзя з расейскім урадавымі чыноўнікамі, якое вяло ФБР, не закранае асабіста кіраўніка дзяржавы.

У апублікаваным уступным слове Коўмі таксама напісаў, што 14 лютага Трамп папрасіў яго спыніць расьсьледаваньне ў дачыненьні да Майкла Фліна, які быў звольнены з пасады дарадцы прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі за дзень да гэтага.

«Я спадзяюся, вы разумееце, што гэта трэба спыніць, трэба пакінуць Фліна ў спакоі, — цытуе Трампа Коўмі. — Ён добры чалавек. Я спадзяюся, вы можаце спыніць гэтую справу».

У мінулым месяцы Трамп цалкам адхіліў паведамленьні пра ціск на Коўмі з мэтай спыніць або адступіцца ад расьсьледаваньня дзеяньняў Фліна.

«Не. Не. Наступнае пытаньне», — адказаў ён на адпаведнае пытаньне СМІ. На той жа прэс-канфэрэнцыі ён адпрэчыў здагадкі пра тое, што супрацоўнічаў з Расеяй з мэтай паўплываць на вынікі леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.

«Усё гэта— паляваньне на вядзьмарак, — сказаў Трамп. — І не было ніякай змовы між мной і чальцамі маёй перадвыбарчай каманды (і Расеяй)».

Трамп звольніў Коўмі ў мінулым месяцы. Першапачаткова Белы дом апублікаваў заяву, у якой гаварылася аб тым, што рашэньне аб звальненьні было прынятае па рэкамэндацыі намесьніка генпракурора Рода Розэнстайна, які падаў рабочую нататку з крытыкай у адрас Коўмі ў сувязі з тым, як той расьсьледаваў уцечку электроннай перапіскі Гілары Клінтан. Пазьней Трамп абверг гэтую заяву, паведаміўшы ў інтэрвію, што ён «думаў аб расейскай справе», калі звальняў Коўмі.

XS
SM
MD
LG