Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны камісар ААН раскрытыкаваў Беларусь за адмову прызнаць мандат спэцдакладчыка


Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Зэйд Раад аль-Хусэйн

Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Зэйд Раад аль-Хусэйн, выступаючы ў Жэнэве на адкрыцьці 35-й сэсіі Рады па правах чалавека, настойліва рэкамэндаваў усім дзяржавам не адмаўляцца ад супрацоўніцтва з праваабарончымі мэханізмамі ААН.

Гэтае пытаньне Зэйд Раад аль-Хусэйн узьняў у кантэксьце барацьбы з тэрарызмам, заявіўшы, што «тэрарызму неабходна пакласьці канец», але пры гэтым «антытэрарыстычныя меры не павінны прыводзіць да грубых парушэньняў правоў чалавека».

Нагадваючы пра неабходнасьць супрацоўнічаць зь міжнароднымі мэханізмамі, Вярхоўны камісар раскрытыкаваў улады Беларусі, КНДР, Эрытрэі, Ізраілю і Ірану за адмову прызнаваць мандат спэцыяльных дакладчыкаў ААН.

Галоўны праваабаронца ААН адзначыў, што многія краіны сьвету адмаўляюцца запрашаць у краіну спэцыяльных дакладчыкаў і не прадстаўляюць своечасова справаздачы аб выкананьні асноўных дамоваў у галіне правоў чалавека.

На гэтай сэсіі спэцдакладчык Міклаш Харасьці, мандат якога ўлады краіны не прызнаюць, прадставіць Радзе па правах чалавека даклад па сытуацыі ў краіне. Абмеркаваньне гэтага дакладу заплянаванае на 14 чэрвеня. Пасьля ў Радзе па правах чалавека павінна адбыцца галасаваньне па пытаньні аб працягваньні мандату спэцдакладчыка па Беларусі, у сувязі з чым беларускія і міжнародныя праваабаронцы з 30 траўня па 1 чэрвеня правялі шэраг сустрэчаў з прадстаўніцтвамі розных краінаў-сябраў Рады па правах чалавека ў Жэнэве, пераконваючы іх у неабходнасьці працягнуць мандат, паведамляе сайт Вясна 97.

XS
SM
MD
LG