Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць пра датэрміновыя выбары ў Вялікай Брытаніі


8 чэрвеня ў Вялікай Брытаніі праходзяць пазачарговыя парлямэнцкія выбары.

Выбары былі прызначаныя менш як два месяцы таму. Мэтай прэмʼер-міністра і лідэра кансэрватараў Тэрэзы Мэй было забясьпечыць парлямэнцкую большасьць для сваёй партыі, у тым ліку і каб хутчэй узгадняць дэталі выхаду краіны з Эўразьвязу. Аднак апошнім часам рэйтынг кіроўнай цяпер Кансэрватыўнай партыі рэзка ўпаў, а вынік будучых выбараў можа для кансэрватараў стаць нечаканым.

Дык нядаўна ж былі выбары?

Мінулыя чарговыя парлямэнцкія выбары адбыліся ў каралеўстве ў 2015 годзе. Тады перамогу атрымалі кансэрватары. Але лідэр партыі і прэмʼер Дэвід Кэмэран сышоў у адстаўку пасьля рэфэрэндуму аб «Брэксыце» ў чэрвені 2016 году. Тэрэза Мэй узначаліла партыю і ўрад у выніку ўнутрыпартыйнага галасаваньня.

За час, які прайшоў з апошніх парлямэнцкіх выбараў, зьмена адбылася і на чале найбуйнейшай апазыцыйнай партыі — лейбарыстаў, Джэрэмі Корбін зьмяніў Эда Мілібэнда на пасадзе кіраўніка партыі пасьля паразы партыі на выбарах.

«Апошні цьвік у труну лейбарыстаў — яшчэ не позна адмовіцца ад Корбіна», — з такімі загалоўкамі выйшлі брытанскія газэты раніцой пасьля абвяшчэньня датэрміновых выбараў. У сярэдзіне красавіка палітычная сытуацыя і вынікі апытаньняў абяцалі кансэрватарам велізарную перавагу.

Што хвалюе брытанцаў найбольш

За дзень да выбараў, пасьля трох тэрактаў, брытанцаў больш за ўсё хвалюе бясьпека. Апазыцыя гэтым карыстаецца — лейбарысты вінавацяць кансэрватараў у скарачэньні бюджэту праваахоўных органаў.

Кансэрватары лічаць, што паўнамоцтвы паліцыі і спэцслужбаў неабходна пашырыць, каб не пакінуць злачынцам шанцу.

У каго большая падтрымка

У пачатку кампаніі рэйтынг ухвалы прэмʼер-міністра Тэрэзы Мэй быў рэкордным — дзьве траціны выбарнікаў лічылі, што яна — самы годны кандыдат на пасаду кіраўніка ўраду.

Лідэр лейбарыстаў Джэрэмі Корбін на яе тле глядзеўся даволі блякла. Цяпер яго, як і Бэрні Сандэрса падчас леташніх амэрыканскіх праймерыз, падтрымлівае значная частка моладзі.

Як супернікі глядзяць на «Брэксыт»

Абодва — і Мэй, і Корбін — сыходзяцца ў тым, што «Брэксыт» адбудзецца паводле жорсткага сцэнару, і наўрад ці Брытанія здолее дамовіцца аб свабодзе перасоўваньня рабочай сілы і аб мытным зьвязе.

Чым розьняцца праграмы

Кансэрватары (дарэчы, упершыню з часоў Маргарэт Тэтчэр) прапануюць абараняць правы працоўных, падвысіць плату за навучаньне ва ўнівэрсытэтах. Лейбарысты дэкляруюць адмову ад нэалібэральнай эканомікі — яны выступаюць за нацыяналізацыю чыгунак, бясплатную вышэйшую адукацыю і пашырэньне выкарыстаньня аднаўляльных крыніцаў энэргіі.

Якія прагнозы

За тыдзень да галасаваньня букмэкеры прымалі стаўкі на перамогу кансэрватараў 50:1. Але па выніках апошніх апытаньняў, адрыў торы ўсяго толькі каля 5%. А гэта значыць, што ў новым парлямэнце лейбарысты змогуць уступіць у кааліцыю зь іншымі партыямі і такім чынам дамагчыся большасьці.

Паводле апытаньняў шанцы патрапіць у парлямэнт маюць яшчэ тры партыі: лібэрал-дэмакраты, партыя незалежнасьці і шатляндзкая нацыянальная партыя.

Лібэрал-дэмакраты выступаюць за скасаваньне «Брэксыту», але шляхам правядзеньня новага рэфэрэндуму, партыя незалежнасьці была і ёсьць самым гарачым прыхільнікам і агітатарам за «Брэксыт», шатляндзкая нацыянальная партыя выступае за выхад са складу каралеўства, але за захаваньне Шатляндыі ў складзе ЭЗ.

Гэтыя партыі паводле прагнозаў не атрымаюць шмат мандатаў, але калі галасаваньне дасьць прыкладна пароўну галасоў «гігантам» — лейбарыстам і кансэрватарам, то ў вызначэньні, хто будзе кіраваць краінай, могуць адыграць сваю ролю і «карузьлікі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG