Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Саратаве адмянілі загад інфармаваць паліцыю пра школьніц, якія страцілі цнатлівасьць


Міністар аховы здароўя Саратаўскай вобласьці адмяніў уласны загад ад 30 траўня, які абавязваў галоўных лекараў мэдычных установаў прадстаўляць у органы ўнутраных справаў інфармацыю аб палавым жыцьці непаўнагадовых. У прыватнасьці, аб школьніцах, маладзейшых за 16 гадоў, якія страцілі цнатлівасьць, хварэюць на вэнэрычныя захворваньні або зрабілі аборт.

Мэтай загаду, як гаварылася ва ўступнай частцы, зьяўлялася «крымінальна-прававая ахова дзяцей і падлеткаў», а яго ініцыятарам было Саратаўскае ўпраўленьне Сьледчага камітэту Расеі. Загад таксама быў ухвалены пракурорам вобласьці.

Грамадзтва падзялілася на прыхільнікаў і праціўнікаў

«Пачаліся спрэчкі па гэтым пытаньні. Грамадзтва падзялілася на прыхільнікаў і праціўнікаў. Сёньня міністрам было прынятае рашэньне загад адмяніць, адправіць яго на дадатковую дэталёвую прапрацоўку», — заявілі ў абласным Міністэрстве аховы здароўя.

Ведамства паабяцала, што правядзе кансультацыі зь юрыстамі, профільнымі лекарамі і іншымі спэцыялістамі і ўлічыць у новым дакумэнце як іх рэкамэндацыі, так і меркаваньне фэдэральнага Міністэрства аховы здароўя і іншых структур.

Супраць скандальнага загаду выступіла, у прыватнасьці, дзіцячы амбудсмэн Ганна Кузьняцова: яна папрасіла абласную пракуратуру праверыць, ці адпавядае загад прававым нормам, у прыватнасьці, закону аб пэрсанальных дадзеных.

У фэдэральным Міністэрстве аховы здароўя ў сваю чаргу заявілі, што ўрач можа перадаваць інфармацыю пра пацыента праваахоўным органам безь яго згоды толькі калі шкода здароўю была нанесеная ў выніку злачынства.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у апошнія гады ў Расеі непаўналетнім робяць каля 9 тысяч абортаў на год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG