Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Лё Пэн паабяцала выключыць кандыдатаў-антысэмітаў, расістаў і гамафобаў


Кандыдаты ад «Нацыянальнага фронту» на парлямэнцкіх выбарах, якія выступалі зь «непрымальнымі» заявамі, будуць выключаныя з партыі.

Пра гэта заявіў Давід Рашлін, сэнатар, кіраўнік выбарчага штабу Лё Пэн падчас прэзыдэнцкіх выбараў, паведамляе радыё France International. Заява прагучала пасьля таго, як сайт Buzzfeed апублікаваў расьследаваньне аб расісцкіх, антысэміцкіх і гамафобскіх выказваньнях у сацыяльных сетках кандыдатаў ад НФ.

Журналісты францускай рэдакцыі Buzzfeed прааналізавалі профілі і актыўнасьць у твітэры і фэйсбуку 573 кандыдатаў ад «Нацыянальнага фронту» на маючых адбыцца ў чэрвені парлямэнцкіх выбарах і высьветлілі, хто зь іх публікаваў, камэнтаваў і лайкаў антысэміцкія, гамафобскія і расісцкія пасты.

Сэнатар Рашлін назваў расьследаваньне Buzzfeed «несумленным», паколькі журналісты не далі слова самім кандыдатам.

Падчас кожнай выбарчай кампаніі «Нацыянальны фронт» паабяцаў уважлівей ставіцца да выбару кандыдатаў. Пасьля выбараў у рады дэпартамэнтаў Францыі ў 2015 годзе з партыі былі выключаныя 16 чалавек.

Парлямэнцкія выбары пройдуць у Францыі 11 і 18 чэрвеня. Паводле апытаньня сацыялягічнага цэнтру Ipsos-Sopra Steria ад 6 чэрвеня, фаварытам кампаніі застаецца рух дзейнага прэзыдэнта Эманюэля Макрона «Наперад, Рэспубліка». За кандыдатаў ад партыі новага прэзыдэнта свае галасы гатовыя аддаць 30% апытаных. На другім месцы правыя «Рэспубліканцы» з 23%. Замыкае тройку «Нацыянальны фронт». За скрайне правых зьбіраюцца прагаласаваць 17% выбаршчыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG