Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць топ-менэджэраў «Будмашу», якія нібыта падраблялі справаздачы, каб атрымаць прэміі


Алег Месьнік і Натальля Цівончык

У Ленінскім раённым судзе Менску пачаўся працэс над былым гендырэктарам Маладэчанскага заводу мэталёвых канструкцый Алегам Месьнікам і ягонай намесьніцай Натальляй Цівончык.

У справе фігуруюць эпізоды 2015 году, калі падсудныя працавалі ў менскім акцыянэрным таварыстве «Будмаш». Паводле абвінавачаньня, Натальля Цівончык падчас працы галоўнай бухгальтаркай у змове з гендырэктарам «Будмашу» Алегам Месьнікам падавала фальшывыя справаздачныя дакумэнты, у тым ліку завышала прыбыткі, нібыта атрыманыя акцыянэрным таварыствам, ды давала нібыта недакладныя зьвесткі аб мадэрнізацыі прадпрыемства.

Фальшывыя справаздачы, як даводзіць сьледзтва, нібыта пацьвярджаў сваімі подпісамі гендырэктар Алег Месьнік, што ў выніку адкрывала шлях для атрыманьня топ-мэнэджарамі прадпрыемства незаконных прэмій ды іншых грашовых узнагарод. Таксама, як мяркуе абвінавачаньне, гендырэктар і бухгальтар утойвалі ад Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Дзяржстату наяўнасьць запазычанасьці ў заробках перад работнікамі «Будмашу» ды запазычанасьць у плацяжах у бюджэт. Паводле кантрактаў, пры такой працы ім бы прэміі не «сьвяцілі».

Натальля Цівончык, як мяркуе пракурор, дзейнічала ў мэтах спажывы і росту кар’еры, тыя ж матывы нібыта кіравалі і Алегам Месьнікам. Кар’еры абодвух да часу складвалася даволі ўдала. Калі ў 2016 годзе Месьнік з «Будмашу», які фактычна развальваўся, перайшоў на працу гендырэктарам Маладэчанскага заводу мэталаканструкцый, за ім на пасадзе намесьніцы гендырэктара па эканоміцы зьявілася і Натальля Цівончык.

Сумы прэмій, якія празь дзейнасьць Натальлі Цівончык нібыта незаконна налічваліся ў 2015 годзе, а Алег Месьнік гэтыя загады падпісваў, складалі: 2,8 тысячы рублёў у сакавіку, 3,9 тысячы ў красавіку, 4,2 тысячы ў чэрвені, 412 рублёў у жніўні, 2,5 тысячы ў кастрычніку... У выніку Натальля Цівончык, меркавана, нанесла «Будмашу» стратаў на 71 тысячу рублёў, альбо 36 тысяч даляраў. Тую ж суму стратаў — 71 тысячу рублёў — сьледзтва інкрымінавала і былому гендырэктару «Будмашу» Алегу Месьніку. Хто зь іх колькі атрымаў асабіста, з абвінавачаньня, якое прагучала, пакуль незразумела.

Адметна таксама, што, паводле сьледзтва, незаконныя прэміі на агульную суму памерам 71 тысячу рублёў атрымлівалі і іншыя топ-мэнэджэры «Будмашу». Чаму ж тады на лаве падсудных знаходзяцца толькі Алег Месьнік і Натальля Цівончык? Пракурор зазначыў у абвінавачаньні, што, акрамя іх, ніхто нібыта ня ведаў, што справаздачы прадпрыемства рэгулярна скажаюцца ў лепшы бок і прэміі кіраўнікам налічваюць незаконна.

Натальля Цівончык прызнала сябе вінаватай часткова — толькі ў тым, што выкарыстоўвала некаторыя недакладныя зьвесткі для справаздач, а нанясеньне грашовых стратаў «Будмашу» былая бухгальтарка адпрэчвае. Былы гендырэктар «Будмашу» Алег Месьнік заявіў суду, што «катэгарычна віны не прызнае».

Старшынюе ў працэсе судзьдзя Дзьмітры Астапенка.

На здымку: былы гендырэктар «Будмашу» Алег Месьнік і былая галоўная бухгальтарка Натальля Цівончык.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG