Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя экс-дэпутата Навасяда зробіць пятую спробу зарэгістравацца


Уладзімер Навасяд

Аргкамітэт стварэньня партыі Свабоды і прагрэсу ў ліпені зробіць чарговую, ужо пятую, спробу афіцыйна зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі.

Пра гэты намер Свабодзе сёньня паведаміў старшыня аргкамітэту, былы дэпутат Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд:

«Мы абавязкова зьбяромся ў наступным месяцы. Трэба падвесьці вынікі папярэдняй працы, вызначыцца з плянамі. Паспрабуем яшчэ раз афіцыйна зарэгістраваць партыю. Цяпер інтэнсіўна працуем, узнаўляем кантакты, шукаем новых сяброў, праводзім анкетаваньне...

Нейкія спадзяваньні на лепшае дае рэгістрацыя грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“. Аднак поўнага аптымізму гэты прыклад не дае. Па-першае, зарэгістраваць палітычную партыю, паводле дзейнага заканадаўства, апрыёры значна цяжэй, чым грамадзкае аб’яднаньне. Да партыяў патрабаваньні больш жорсткія. Па-другое, без адмашкі зьверху рэгістрацыі не адбудзецца. Не хачу крыўдзіць калег з „Гавары праўду“, але, мабыць, хтосьці ў начальстве даў дабро на іх афіцыйнае прызнаньне», — адзначае Ўладзімер Навасяд.

Першы ўстаноўчы зьезд партыі Свабоды і прагрэсу прайшоў у 2003 годзе. З таго часу партыйныя актывісты чатыры разы падавалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі і кожны раз атрымлівалі адмоўнае рашэньне.

На сёньняшні дзень у Беларусі афіцыйна зарэгістравана 15 палітычных партыяў. Усе яны былі зарэгістраваныя ў мінулым стагодзьдзі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG