Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы: няма падставаў вяртаць беларускаму парлямэнту статус спэцыяльна запрошанага


Будынак Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры ©Shutterstock
Будынак Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры ©Shutterstock

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы не плянуе вяртаць статус спэцыяльна запрошанага Нацыянальнаму сходу Беларусі. Гэта вынікае з праекту рэзалюцыі, апублікаванага на сайце ПАРЭ.

Як перадае БелаПАН, рэзалюцыя падрыхтаваная камітэтам ПАРЭ ў палітычных пытаньнях на падставе дакладу спэцдакладчыка пра сытуацыю ў Беларусі Андрэа Рыгоні.

Даклад і рэзалюцыя будуць разгледжаныя 27 чэрвеня ў рамках летняй сэсіі ў Страсбуры.

У праекце выказваецца шкадаваньне, што пазытыўная тэндэнцыя да большай міжнароднай адкрытасьці і дыялёгу паміж Беларусьсю і асамблеяй была падарваная веснавой эскаляцыяй гвалту і перасьледу мірных дэманстрантаў. Міжнародная супольнасьць заклікае беларускае кіраўніцтва да неадкладнага вызваленьня актывістаў апазыцыі, якія застаюцца ў зьняволеньні, і правядзеньня расьсьледаваньня фактаў жорсткага абыходжаньня зь імі.

У дакумэнце таксама зьмяшчаецца заклік паважаць і падтрымліваць права грамадзян на свабоду сходаў, асацыяцый, думкі і СМІ, забясьпечваць палітычны плюралізм, свабодныя і справядлівыя выбары.

Вітаецца шэраг пазытыўных крокаў, у тым ліку вызваленьне ў 2015 годзе палітычных зьняволеных і наяўнасьць у парлямэнце дзьвюх незалежных дэпутатак, але пры гэтым беларускім уладам адрасаваны заклік рэабілітаваць і аднавіць у грамадзянскіх і палітычных правах вызваленых палітвязьняў.

У праекце дакумэнту гаворыцца, што ПАРЭ падтрымлівае працяг кантактаў з уладамі і незалежнай грамадзянскай супольнасьцю Беларусі на аснове каштоўнасьцяў і дэмакратычных стандартаў Рады Эўропы, зьмяшчаецца заклік увесьці неадкладны мараторый на сьмяротнае пакараньне і не прыводзіць у выкананьне ўжо вынесеныя сьмяротныя прысуды.

Адзначаецца, што пры адсутнасьці мараторыю на сьмяротнае пакараньне і прагрэсу ў пытаньні павагі дэмакратычных прынцыпаў і каштоўнасьцяў Бюро ПАРЭ ня можа адмяніць прыпыненьне статусу спэцыяльнага запрошанага для Нацыянальнага сходу Беларусі.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Менавіта з гэтай прычыны яна не ўваходзіць у Раду Эўропы. Кожны сьмяротны прысуд традыцыйна асуджаецца эўрапейскімі інстытутамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG