Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) ня верне Нацыянальнаму сходу Палаты прадстаўнікоў статус спэцыяльнага запрошанага з прычыны прымяненьня ў краіне сьмяротнага пакараньня.
Пра гэта паведамляе агенцтва Інтэрфакс.
«Асамблея шкадуе аб тым, што з прычыны адсутнасьці мараторыю на прымяненьне сьмяротнага пакараньня ня можа адмяніць прыпыненьне дзеяньня статусу спэцыяльнага запрошанага для парлямэнту Беларусі», — гаворыцца ў праекце рэзалюцыі камітэту ПАРЭ ў палітычных пытаньнях. Дакумэнт будзе разгледжаны 27 чэрвеня ў рамках летняй сэсіі ПАРЭ. Праект рэзалюцыі апублікаваны на афіцыйным сайце ПАРЭ.
У дакумэнце адзначана, што за апошнія пяць гадоў беларускія ўлады праявілі вялікую міжнародную адкрытасьць і гатовасьць да дыялёгу, у тым ліку з Радай Эўропы, Эўрапейскім зьвязам, Арганізацыяй бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) і Арганізацыяй абʼяднаных нацый.
Разам з тым, падкрэсьлена ў праекце рэзалюцыі, «Асамблея глыбока шкадуе, што гэтая пазытыўная тэндэнцыя была падарваная нядаўнімі перасьледамі мірных дэманстрантаў у лютым і сакавіку 2017 году». Адзначаецца, што ў ходзе масавых акцый затрымліваліся праваабаронцы, журналісты, мірныя грамадзяне. У сувязі з гэтым у ПАРЭ заклікалі «неадкладна вызваліць затрыманых актывістаў апазыцыі і расьсьледаваць сьцьвярджэньні аб жорсткім абыходжаньні».
Асобна ў праекце ўтрымліваецца рэкамэндацыя «паказаць сапраўдную палітычную волю ў пытаньні аб сьмяротным пакараньні». У прыватнасьці, увесьці як мага хутчэй мараторый на сьмяротнае пакараньне і пасьля прыйсьці да поўнага яго скасаваньня.