Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Мытнага камітэту Беларусі Радыё Свабода атрымала камэнтар мытні «Мінск-2» наконт інцыдэнту з расейскімі артыстамі Аленай Ваданаевай і Аляксандрам Маліноўскім. Артысты цьвердзяць, што 2 чэрвеня беларускія мытнікі забралі ў іх 30 тысяч даляраў і пратрымалі абаіх у аэрапорце 11 гадзін.

Пра грошы ў камэнтары мытнікаў увогуле ані слова:

«Як паведамляе мытня „Мінск-2“, 2 чэрвеня 2017 году грамадзянка РФ Алена Ваданаева сьледавала праз Нацыянальны аэрапорт „Мінск“ на авіярэйс „Мінск — Кіеў“. Пасьля перасячэньня „зялёнага“ калідора ў зоне міжнароднага вылету яна была запрошаная на „чырвоны“ калідор для праверкі сапраўднасьці заяўленых зьвестак пра тавары, якія перамяшчаюцца ў ручной паклажы. Мытны надгляд ручной паклажы быў праведзены з 12.55 да 13.12, пасьля чаго працэдуры мытнага надгляду былі завершаныя (пра што сьведчаць запісы відэаназіраньня). Грамадзянін Аляксандар Маліноўскі таксама сьледаваў па „зялёным“ калідоры і быў запрошаны на „чырвоны“ калідор. Надгляд ягонага багажу цягнуўся з 14.00 да 14.14. Названыя грамадзяне, іх тавары і маёмасьць службовымі асобамі мытні „Мінск-2“ не затрымліваліся».

Таксама мытнікі нагадалі правілы дэкляраваньня сумаў, большых за 10 тысяч даляраў.

Між тым Алена Ваданаева неўзабаве пасьля інцыдэнту заявіла, што артысты мелі пры сабе 30 тысяч даляраў і гэтыя грошы нібыта мытнікі забралі ў Аляксандра Маліноўскага.

Па камэнтар да заявы мытні «Мінск-2» карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да Яўгена Вольтава, мэнэджэра Алены Ваданаевай. Дык забралі ў артыстаў 30 тысяч даляраў ці не?

— Яны адмаўляюць, але гэта факт. Рэкамэндую праверыць гэта па запісах відэакамэр. Калі ім няма чаго ўтойваць, упэўнены, яны іх прадставяць. Па-другое — пра час я схільны верыць свайму артысту. Яна прапала ў мяне з сувязі. Па завядзёнцы мы кожныя 2 гадзіны, ня важна, што адбываецца, сьпісваемся. Яе не было на сувязі 11 гадзін, і я ўжо пачаў паніку. А потым ўжо даведаўся пра гэта не на лайве, а з артыкула, які быў напісаны. Гэта дазваляе мне меркаваць, што іх затрымалі і не выпускалі. Пра астатнія падрабязнасьці Алена сёньня апублікавала пост, дзе коратка і адкрыта напісала, што адбывалася і як. Паўтараю, яе рэальна на сувязі не было 11 гадзін, і я як мэнэджэр артыста атрымаў інфармацыю праз 11 гадзін, што яна жывая-здаровая, спазьнілася на ўсе самалёты, далей паляцела, і ў іх забралі фінансы.

— Як тады патлумачыць, што ў камэнтары мытні аэрапорту «Мінск-2» ўвогуле ня згадваецца пра тыя 30 тысяч даляраў, пра якія кажа Алена Ваданаева? Магло быць так, што іх забралі ў нейкага іншага чалавека з групы артыстаў, але не ў Ваданаевай ці Маліноўскага?

— Алёна везла з сабой асабістыя грошы. А суму, якая прызначалася ў якасьці аплаты рэжысэру за працу над кліпам, вёз мэнэджэр артыста ці артыст. Хто — ня ведаю. Але я веру свайму артысту.

— Ці будуць артысты праз суд дамагацца вяртаньня грошай?

— Пакуль мы чакаем судовага рашэньня па гэтым пытаньні ад менскага суду, а далей будзем глядзець. У любым выпадку мы будзем прыцягваць да справы адваката, бо гэта абуральны выпадак. Можа Гардона, ня ведаю пакуль.

2 чэрвеня ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» затрымалі расейскую мадэль Алену Ваданаеву і расейскага сьпевака Алекса Маліноўскага. Прычынай стала нібыта спроба незаконна вывезьці з краіны буйную суму грошай. Паводле слоў Маліноўскага і Ваданаевай, іх трымалі ў аэрапорце 11 гадзін, бо яны мелі пры сабе больш за 30 тысяч даляраў, але пайшлі не па «чырвоным» калідоры (дзе трэба дэкляраваць буйныя сумы грошай), а па «зялёным» (празь які можна праносіць без дэкляраваньня да 10 тысяч даляраў). Але артысты кажуць, што яны толькі пераступілі лінію «зялёнага» калідора, бо супрацоўнік мытні запатрабаваў у іх пашпарты, а яны шчыра назвалі яму суму.

У Маліноўскага забралі 30 тысяч даляраў і 55 тысяч расейскіх рублёў (каля 970 даляраў). Суд па іхнай справе мае адбыцца ў Менску ў аўторак. Ваданаева і Маліноўскі прапусьцілі свой самалёт, але паляцелі на іншым. 5 чэрвеня яны былі ў Кіеве.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG