Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Сэрбія спрабуюць перашкодзіць Македоніі далучыцца да NATO — справаздача OCCRP


Сьцягі Македоніі і NATO, ілюстрацыйнае фота
Сьцягі Македоніі і NATO, ілюстрацыйнае фота

Міжнародны Цэнтар дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці OCCRP разам з сэрбcкім тэлеканалам KRIK і македонскім NOVA TV прадставілі справаздачу аб «працёку» дакумэнтаў македонскай контравыведкі пра расейска-сэрбcкую спробу ўмяшаньня ў справы Македоніі.

Расея і Сэрбія зрабілі свой унёсак у складаны палітычны крызіс у Македоніі і канфлікт з альбанскай меншасьцю, сьцьвярджае OCCRP. Агенты спрабавалі завэрбаваць македонскіх вайскоўцаў і сілавікоў, якія маглі б у пэўны момант «быць выкарыстанымі ў палітычных інтарэсах», спрабавалі паўплываць на СМІ і прафінансаваць патрэбныя публікацыі. Расея дзевяць гадоў прасоўвала праз культурныя мерапрыемствы ідэі «панславянскай ідэнтычнасьці» і яднаньня праз праваслаўную веру. У дакумэнтах зьмяшчаюцца таксама зьвесткі аб падтрымцы спэцслужбамі Сэрбіі антызаходніх і прарасейскіх нацыяналістаў у Македоніі.

Прыводзяцца словы, сказаныя нібыта расейскім амбасадарам Алегам Шчарбаком македонскаму міністру замежных справаў Нэнаду Колеву пра тое, што мэтай Расеі ёсьць стварэньне на Балканскім паўвостраве «паласы вайскова нэўтральных краінаў» Сэрбіі, Чарнагорыі, Македоніі, Босьніі і Герцагавіны.

Краіна на раздарожжы: быць альбо ня быць Македоніі

У справаздачы гаворыцца, што дзеяньні расейскіх спэцслужбаў каардынаваліся трыма агентамі вонкавай выведкі ў амбасадзе Расеі ў македонскай сталіцы Скоп’і, а ганаровыя консульствы ў македонскіх Бітале і Охрыдзе выкарыстоўваліся як «выведныя базы», апэрацыю кантралявалі сэрбскія агенты, таксама ў ёй бралі ўдзел чатыры агенты Галоўнага выведнага ўпраўленьня Расеі, якія знаходзіліся ў баўгарскай сталіцы Сафіі.

У красавіку парлямэнт Чарнагорыі прагаласаваў за далучэньне да NATO, 5 ліпеня краіна далучаецца да альянсу. Напярэдадні рашэньняў аб далучэньні да NATO Чарнагорыя заявіла пра затрыманьне расейцаў, якія спрабавалі падрыхтаваць у краіне дзяржаўны пераварот.

Македонія, як і Боснія і Герцагавіна, таксама дамагаецца далучэньня да NATO, рэзалюцыю пра далучэньне яна прыняла яшчэ ў 1993 годзе.

Сэрбія яшчэ нядаўна паглыбляла свае сувязі з NATO, нягледзячы на стрыманасьць многіх грамадзян, якія яшчэ памятаюць натаўскія бамбаваньні Сэрбіі ў 1999 годзе. Але ў чэрвені выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Сэрбіі, кіраўнік МЗС гэтай краіны Івіца Дачыч заявіў, што Сэрбія не плянуе ўступаць у NATO і мае намер нарошчваць узаемадзеяньне з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG