Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме вырашылі паставіць помнік Льву Сапегу паміж Леніным і танкам Т-34


Рабочы варыянт помніка Льву Сапегу ў Слоніме скульптара Івана Міско (фрагмэнт)

На паседжаньні райвыканкаму вырашылі паставіць помнік Льву Сапегу паміж помнікам Леніну і танкам Т-34. «Газета Слонімская» апытала сваіх чытачоў наконт месца для помніка, і большасьць выказалася супраць выбранага райвыканкамам месца.

Паводле мясцовага краязнаўцы і пісьменьніка Сяргея Чыгрына, пра помнік Сапегу ў Слоніме гаворка вядзецца ўжо каля 20 гадоў. Ён прыгадвае, як некалькі разоў людзі зьбіралі грошы на яго, кажа, што і месцы прапаноўваліся і абмяркоўваліся самыя розныя ў горадзе, але што цяпер зробяць улады, ніхто ня ведае.

Ідэю ўсталяваньня помніка Сапегу паміж Леніным і танкам не падтрымліваюць мясцовыя мастакі. Паводле «ГС», творчая інтэлігенцыя выказваецца супраць такога суседзтва помнікаў і прыводзіць розныя аргумэнты.

Рабочы варыянт помніка Льву Сапегу ў Слоніме скульптара Івана Міско
Рабочы варыянт помніка Льву Сапегу ў Слоніме скульптара Івана Міско

Мастак Андрэй Сідараў сьцьвярджае, што помнік можна паставіць на гэтым месцы.

«Толькі ня разам, а замест. Я не ўяўляю, як могуць існаваць побач Сапега і Ленін. Сапега тут жыў, даў гораду герб. Уладзімір Ільіч, напэўна, нават ня ведаў пра існаваньне Слоніму», — кажа Сідараў.

Сяргей Чыгрын у сваю чаргу зьвяртае ўвагу на тое, што ў горадзе насамрэч ёсьць лепшыя месцы для помніка, чым паміж Леніным і танкам, дзе ён папросту будзе заціснуты і непрыкметны. Але, паводле Чыгрына, ад погляду людзей зараз нічога не залежыць, усё зробяць так, як вырашаць улады.

— Безумоўна, у горадзе ёсьць лепшыя месцы для помніка Сапегу, чым паміж Леніным і танкам. І, дарэчы, варта ўжо вярнуць вуліцам гістарычныя назвы ў цэнтры гораду, каб не мяшалася ўсё ў адно: і плошча Сапегі, і сквэр Леніна. Але я ўжо цяпер спрачацца не хачу, па-мойму, галоўнае, каб яны наагул паставілі гэты помнік. Мне здаецца, што і Ленін там ня вечны, і танк, магчыма, некалі ад’едзе ў воінскую частку. І тады помнік Сапегу будзе глядзецца на гэтым месцы, як найлепей.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG