Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы пад Берасьцем пратэстуюць супраць пераводу школы з базавай у пачатковую


Базавая школа ў вёсцы Прылукі пад Берасьцем

Жыхары вёскі Прылукі Берасьцейскага раёну сабралі больш за 300 подпісаў супраць пераводу вясковай школы з базавай у пачатковую. Людзі баяцца, што са зьнікненьнем школы іх вёска стане занепадаць.

У базавай школе Прылукаў навучаецца больш за 40 чалавек. Напрыканцы навучальнага году бацькам паведамілі, што школу пераводзяць з базавай у пачатковую, а дзяцей і мясцовых пэдагогаў будуць вазіць у школу суседняй вёскі Страдзеч.

«Абяцаюць прыгожа, што будуць вазіць на заняткі і назад, падвозіць на ўсе вечарыны. Але як на практыцы гэта будзе...» — непакоіцца жыхарка Прылукаў Ліна Чапялевіч.

Яна распавяла, што людзі спалохаліся таго, што ў выніку рэарганізацыі іх вёска стане непэрспэктыўнай, пры тым, што знаходзіцца ўсяго ў 7 кілямэтрах ад Берасьця:

«Ды наадварот жа, трэба каб рэклямавалі берасьцейцам прывозіць дзяцей у нашу школку, бо тут жа лепш, чым у горадзе — дзяцей меней, клясы невялікія, таму настаўнік ім больш увагі можа ўдзяліць».

Ліна Чапялевіч
Ліна Чапялевіч

Чапялевіч кажа, што такія выпадкі ў іх школе былі, калі бацькі зь Берасьця прыводзілі дзяцей вучыцца ў Прылукі.

Жыхары вёскі спрабавалі зьвярнуцца са сваёй праблемай да раённага савету дэпутатаў, куды накіравалі зварот з просьбай уключыць у парадак дня бліжэйшай сэсіі Берасьцейскага раённага савету дэпутатаў пытаньне аб захаваньні базавай школы ў вёсцы Прылукі.

Аднак, як распавяла Ліна Чапялевіч, дэпутаты да просьбы не прыслухаліся:

«Нам сказалі, што мы позна зьвярнуліся. Нас праігнаравалі, можна сказаць так».

Шукаючы магчымасьць захаваць базавую школу, жыхары Прылукаў зьвярнуліся па дапамогу да абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), актывісты якой дапамаглі скласьці звароты да раённага савету дэпутатаў, у аблвыканкам і Міністэрства адукацыі.

Будынак старой школы пасьляваеннай пабудовы ў Прылуках
Будынак старой школы пасьляваеннай пабудовы ў Прылуках

«Права на даступную адукацыю зьяўляецца базавай каштоўнасьцю. Таму мы падтрымліваем законныя патрабаваньні жыхароў вёскі і дапамагаем ім у адстойваньні сваіх правоў. У цяперашні час няма ніякай неабходнасьці зачыняць базавую школу ў Прылуках», — кажа кіраўнік арганізацыі «За свой горад», старшыня берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі.

Пад зваротам з патрабаваньнем вырашэньня праблемы вакол школы падпісаліся 306 чалавек. Як адзначаюць актывісты, «гэта той унікальны выпадак, калі зварот падпісалі больш за палову жыхароў населенага пункта».

Супраць пераводу школы ў пачатковую падпісаліся нават прылуцкія пэнсіянэры. На пытаньне карэспандэнта Свабоды, чаму іх кранае гэтая праблема, адзін зь іх сказаў:

«Я лічу, што гэта будзе крах вёскі, выміраньне. Здаецца і жыць сталі добра, ужо і газ правялі... А тут — школу зачыніць. Я лічу, што гэта ня трэба рабіць з-за краху вёскі. Калі вярнуцца да вытокаў, то атрымліваецца, што ў 1905 годзе ў вёсцы Прылукі было паўтары тысячы жыхароў. А на сёньня — 500. Штосьці ж перашкаджае. Ну, менавіта вось такія „добраўпарадкаваньні“. Школа — гэта ж такі цэнтар, які прыцягвае моладзь», — кажа пэнсіянэр, які перакананы, што калі ня стане школы, то моладзь вёску пакіне.

Вёска Прылукі знаходзіцца ўсяго ў сямі кілямэтрах ад Берасьця
Вёска Прылукі знаходзіцца ўсяго ў сямі кілямэтрах ад Берасьця

У момант прыезду журналіста Свабоды дзеці былі на канікулах, толькі дзевяціклясьнікі здавалі іспыт па матэматыцы. Журналіст папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю вакол школы дырэктара Валянціну Качурку:

«Школа тут існуе вельмі даўно. І галоўнай прычынай, чаму пераводзяць школу на пачатковую — тое, што былі выдзеленыя грошы Сусьветным банкам на будаўніцтва суседняй страдзецкай школы пад умовай, што нашую школу скароцяць».

Сапраўды, у красавіку 2017 году газэта Берасьцейскага райвыканкаму «Заря над Бугом» паведамляла, што на будаўніцтва школы ў суседняй з Прылукамі вёсцы Страдзеч «Сусьветным банкам выдзелена 21627013,26 тыс. недэнамінаваных рублёў». Выданьне паведамляла, што ў Страдзечы будуць навучацца і дзеці з базавай школы вёскі Прылукі.

Жыхары ж саміх Прылукаў пераконваюць, што іх аб такіх плянах ніхто не папярэджваў і ніхто іх меркаваньня не спытаў:

«Трэба ж было пры разглядзе праекту і перад заключэньнем угоды з Сусьветным банкам, папытаць і ў Прылуках, што мы думаем наконт скарачэньня нашай школы. А то за нашай сьпінай усё зрабілі, а нашага меркаваньня і не спыталі», — абураецца жыхарка вёскі Прылукі.

Бацькі прылуцкіх дзяцей кажуць, што будуць чакаць ад уладаў адказу на іх калектыўныя звароты.

Жыхары Прылук баяцца, што са зьнікненьнем школы іх вёска стане непэрпэктыўнай
Жыхары Прылук баяцца, што са зьнікненьнем школы іх вёска стане непэрпэктыўнай

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG