У віцебскім «Эўрапейскім клюбе» прайшла канфэрэнцыя пад назвай «Гістарычныя традыцыі Віцебскай вобласьці», якую арганізавала грамадзкае аб’яднаньне «Самакіраваньне і грамадзтва». Цягам двух дзён народныя майстры, краязнаўцы, супрацоўнікі ўстановаў адукацыі і культуры разважалі, якім чынам можна ня толькі захаваць народныя традыцыі рэгіёну, але й атрымліваць прыбытак праз іх разьвіцьцё.
Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня Хрыстафор Жаляпаў зазначыў, што ў краінах Балтыі ёсьць багаты досьвед таго, як аднаўленьне народных традыцыяў спрыяе і захаваньню гісторыка-культурнай спадчыны, і стварэньню базы для рэгіянальнай вытворчасьці.
Канкрэтныя прыклады прывялі госьці з Латвіі. Прадстаўніца Латыскай асацыяцыі самакіраваньня Івіта Пейпінэ пазнаёміла з сыстэмай самакіраваньня ў Латвіі, а дырэктарка Музэю міногі Мая Сарканэ з пасёлку Царнікова распавяла пра тое, як унікальны промысел — здабыча і кулінарная апрацоўкі міногі — прынесла вядомасьць рэгіёну. Да прыкладу, штогод ладзіцца адмысловае сьвята міногі, якое прыносіць добрыя грошы ў мясцовы бюджэт.
З выступленьняў беларускіх удзельнікаў канфэрэнцыі вынікала, што ў сёньняшняй Беларусі зрабіць народную традыцыю брэндам можна толькі дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Чым і скарыстаўся Верхнядзьвінскі масласырзавод, які выпускае прадукцыю пад гандлёвай маркай «Ян-сыродел» паводле традыцыйных рэцэптаў.
Прыватная ініцыятыва такой падтрымкі ня мае, адзначыла Тамара Карабец, гаспадыня аграсядзібы «Юсьціянава»:
«Мы імкнёмся зацікавіць нашых гасьцей і гісторыяй Верхнядзьвінскага краю, і мясцовай прыродай, і традыцыйнымі стравамі. Сыр, да прыкладу, цалкам можа лічыцца брэндам нашага рэгіёну. Аднак патрэбная падтрымка, інтарэс уладаў, каб гэты самы сыр стаўся славутасьцю на ўсю Беларусь. Бо прыватная інцыятыва вялікай вагі ня мае».
Брэндам Шаркоўшчынскага раёну стаўся яблык. Майстар-ганчар Сяргей Рымдзёнак вырабляе зялёныя паліваныя яблыкі ў якасьці сувэніраў. Ён дасканала ведае спэцыфіку рамяства, мае прызнаньне ў рэгіёне, бярэ ўдзел у розных фэстывалях і конкурсах. Аднак не можа пахваліцца тым, што рэгіянальныя традыцыі ганчарства прынесьлі рэгіёну вядомасьць, а тым болей прыбытак.
Некаторыя ўдзельнікі канфэрэнцыі наогул прасілі, каб у СМІ не згадваліся іхныя імёны. Бо яны працуюць у дзяржаўных установах, і ўдзел у канфэрэнцыі, арганізаванай дэмакратычнымі актывістамі Віцебску, можа прынесьці ім праблемы на працы.