Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнагорскія СМІ: палітычнай эліце забаранілі ўезд у Расею


Душка Маркавіч
Душка Маркавіч

Расейскія ўлады ўнесьлі ў «чорныя сьпісы» значную частку чарнагорскай палітычнай эліты і кіраўнікоў мясцовых кампаній. Пра гэта паведамляе «Радыё і тэлебачаньне Чарнагорыі» са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы.

Уезд у Расею закрыты прэм’ер-міністру Душку Маркавічу, сьпікеру парлямэнту Івану Браявічу, экс-прэм’еру і лідэру кіруючай Дэмакратычнай партыі сацыялістаў Мілу Джуканавічу, а таксама шэрагу міністраў і дэпутатаў, якія прагаласавалі за ўваходжаньне краіны ў NATO.

Чарнагорскія СМІ паведамляюць, што абмежавальныя захады закранаюць прынамсі 70 чалавек. Паведамленьні пра гэтыя санкцыі паступілі пасьля таго, як стала вядома аб высылцы днямі з Расеі прадстаўніка Дэмакратычнай партыі сацыялістаў Міядрага Вукавіча.

Адносіны Масквы і Подгарыцы пагоршыліся пасьля далучэньня Чарнагорыі да антырасейскіх санкцыяў Эўразьвязу і на фоне інтэграцыі краіны ў NATO, якая завяршаецца ў пачатку чэрвеня. Масква не ўстанавіла кантакт з новым чарнагорскім урадам, сфармаваным пасьля выбараў 2016 году. Выбары суправаджаліся заявай уладаў аб прадухіленьні спробы дзяржаўнага перавароту з удзелам прарасейскіх палітыкаў.

Нядаўна расейскія ўлады забаранілі ўвоз чарнагорскага віна, а таксама разгарнулі ў падкантрольных СМІ нэгатыўную кампанію з мэтай скарачэньня турыстычнага патоку, заявіўшы пра пагрозу расейскім грамадзянам у Чарнагорыі. Кіраўнікі краіны падвяргаюцца крытыцы ў расейскіх СМІ за іх зьнешнепалітычны курс. Днямі Маркавіч і Джуканавіч былі аб’ектам правакацыі з боку вядомых расійскіх пранкераў.

Чарнагорскі парлямэнт прыняў у канцы красавіка закон аб далучэньні краіны да NATO. У падтрымку Паўночнаатлянтычнай дамовы выказаліся 46 дэпутатаў з 81. Галасаваньне праходзіла ва ўмовах байкоту з боку большасьці апазыцыйных сіл (за выключэньнем Сацыял-дэмакратычнай партыі), якія ня ўдзельнічаюць у працы заканадаўчага органу з моманту выбараў 16 кастрычніка, аспрэчваючы іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG