Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін Беларусі: грошай на кампэнсацыі ўкладаў і дэвальвацыяў няма


Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка параіў дэпутатцы ад АГП Ганьне Канапацкай, каб яна казала сваім выбарнікам, што Савецкага Саюзу ўжо даўно няма і іхныя савецкія ўклады вяртаць няма каму.

Дэпутатка Ганна Канапацкая падчас адказаў чальцоў ураду на пытаньні дэпутатаў Нацыянальнага Сходу Беларусі спытала віцэ-прэм’ера Васіля Жарко:

«Ці мае ўрад намер кампэнсаваць насельніцтву грошы, якія яно трымала ў ашчадных касах у 90-я гады?»

Фактычна, як адзначыла Канапацкая, апошнія 10 гадоў нічога ня робіцца для таго, каб хоць у нейкай ступені кампэнсаваць людзям аддадзеныя ў свой час дзяржаве грошы.

«Гэтыя людзі — пераважна пэнсіянэры, і ім бы зараз гэткія выплаты зусім не пашкодзілі», — сказала Канапацкая.

Васіль Жарко параіў выслухаць адказ на гэтае пытаньне намесьніка міністра фінансаў Беларусі Юрыя Сільвестрава. Фінансіст адказаў ёй так:

«Акрамя таго, што многія людзі страцілі грошы, якія яны трымалі ў ашчадным банку ў савецкія гады, мы перажылі яшчэ фінансавую дэвальвацыю ў 2011 годзе, а таксама складаныя 2012-ы і 2013 гады. У гэты час уклады насельніцтва былі абясцэненыя. Таму ў нас ёсьць адно пытаньне: а ці маем мы ў краіне крыніцу кампэнсацыі гэтых укладаў? Скажу вам сумленна: такой крыніцы мы ня маем. Таму я ня бачу цяпер магчымасьці вярнуць уклады ня толькі савецкіх часоў, але і вярнуць тыя грошы, якія дэвальваваліся зусім нядаўна. Гэта немагчыма».

Выслухаўшы адказ, Ганна Канапацкая запыталася:

«Дык што, мне так і тлумачыць насельніцтву?»

«Менавіта так і тлумачце, — сказаў ёй сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка. — Кажыце людзям, што той краіны, у якой яны аддавалі грошы, ужо даўно няма».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG