ЗША 30 траўня заявілі, што ажыцьцявілі пасьпяховае выпрабаваньне ракеты, прызначанай для перахопліваньня міжкантынэнтальных балістычных ракет. У заяве амэрыканскіх вайскоўцаў гаворыцца, што гэта першае тэставаньне такога тыпу ракеты-перахопніка.
Паведамляецца, што выпрабоўвалася так званая наземная сыстэма супрацьракетнай абароны, разьмешчаная ў Каліфорніі. Яна паразіла ракету-мішэнь, выпушчаную з раёну Маршалавых астравоў у Ціхім акіяне. Цэль была разьбітая ў выніку «прамога сутыкненьня».
Выпрабаваньні былі праведзеныя на фоне занепакоенасьці ракетнай і ядзернай праграмай Паўночнай Карэі, дадалі амэрыканскія вайскоўцы.