Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хочацца, каб яму ліставалі», — Ганна Дундукова пра фігуранта «справы патрыётаў» Уладзімера Румянцава


Уладзімер Румянцаў

Уладзімер Румянцаў 30 траўня мае дзень народзінаў — 29 гадоў.

Вайсковы афіцэр з Бабруйску Ўладзімер Румянцаў зьвінавачаны, як і іншыя, спачатку ў «навучаньні або іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках», а пасьля — у стварэнні незаконнага ўзброенага фармаваньня.

Свабода гутарыць з Ганнай Дундуковай, жонкай сябра Ўладзімера Румянцава Андрэя Дундукова, таксама зьняволенага ў «справе патрыётаў».

Ганна Дундукова: «Я Ўладзімера амаль сем гадоў ведаю. А з Андрэем [Дундуковым] яны сябруюць са школы. Былі разам у войску. Для нас гэта блізкі чалавек, які заўсёды побач, заўсёды дапамагае. Вельмі добры, бяскрыўдны чалавек.

У войску ў яго была досыць адказная пасада. Ён вельмі адукаваны. Цяпер ён просіць, каб яму ў СІЗА перадавалі кнігі па вышэйшай матэматыцы.

Піша, каб мы трымаліся. Намагаецца нас падтрымаць.

Ганна Дундукова
Ганна Дундукова

Просіць, каб тату дапамагалі. Бо ў яго толькі тата, ён ужо старэйшага веку. Тата ў Бабруйску, езьдзіць у Менск. Валодзя піша: „Разгрузіце тату, каб яму было трошку лягчэй“. Хвалюецца за родных.

Хочацца, каб яму ліставалі. У іншых ёсьць жонкі, нявесты, а ён сваю сям’ю пакуль стварыць не пасьпеў. Канечне, пішуць сябры, тата. Але хочацца, каб людзі падтрымалі.

Нават калі чалавек вам незнаёмы, у першую чаргу яму будуць важныя проста словы падтрымкі. Ён будзе ведаць, што пра яго памятаюць, што пра яго клапоцяцца, не забываюць.

А так — можна пісаць пра тое, што ў сьвеце адбываецца. Проста напісаць штосьці, каб яго ўвагу адцягнуць ад той камэры і ўсяго, што адбываецца. Нейкія жарты, можа. Каб ён усьміхнуўся.

Адрас: Валадарскага, 2, камэра 75, СІЗА-1, Мінск, 220030.

Я паабяцала яму ў паштоўцы, што калі ён вызваліцца, я зраблю яму піцу. Аднойчы я яму прыгатавала піцу, ён сказаў, што гэта самая смачная піца, якую ён еў. Звычайная хатняя піца. Нагатую шмат-шмат, каб накарміць за ўсе пакуты».

XS
SM
MD
LG