Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нідэрлянды адкрылі шлях да паўнавартаснай асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам


Сэнат Нідэрляндаў падтрымаў ратыфікацыю пагадненьня пра асацыяцыю Ўкраіны з Эўразьвязам, якая здымае апошні бар’ер для паўнавартаснай яго рэалізацыі.

У зале паседжаньня падчас галасаваньня прысутнічалі прэм’ер-міністар ды міністар замежных спраў Нідэрляндаў.

«Атрыманы пазытыўны вынік і неўзабаве будзе завершаны працэс ратыфікацыі. Гэта адкрывае шлях да ўвядзеньня пагадненьня ў паўнавартаснае дзеяньне. Гэта, па сутнасьці, праграма рэформаў, якую трэба выконваць», — паведаміў у эфіры ўкраінскага тэлеканала «112» амбасадар Украіны ў Нідэрляндах Аляксандар Горын.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьля галасаваньня ў Нідэрляндах выступіў са зваротам да ўкраінскіх грамадзян.

«Шлях да гэтага быў доўгім і нашмат больш складаным, чым мы ўяўлялі сабе на старце гэтага працэсу. Чаму так здарылася? Крэмль, які пакутуе на хранічную украінафобію, перашкаджае нам на кожным кроку. Ён выкарыстаў усе наяўныя рэсурсы: грошы, прапаганду, хлусьню, інтрыгі, выведвальныя структуры і групы ўплыву. Яму падыгрывалі антыэўрапейская папулісцкія сілы ўнутры Эўразьвязу, якія выкарыстоўвалі наяўныя бюракратычныя зачэпкі і стваралі новыя. Усё гэта рабілася з адзінай мэтай — зрабіць немагчымай ратыфікацыю пагадненьня, пахаваць яго і, адпаведна, — спыніць курс Украіны на ўзьяднаньне з нашай эўрапейскай сямʼёй», — заявіў Пятро Парашэнка.

Да сёньня Нідэрлянды былі адзінай краінай ЭЗ, якая не ратыфікавала гэты дакумэнт. Паводле вынікаў рэфэрэндуму, які адбыўся ў красавіку 2016 года, больш за 60% выбарнікаў выказаліся супраць заключэньня пагадненьня з Украінай. Рэфэрэндум меў рэкамэндацыйны характар. Заканадаўчы акт павінен быць падпісаны каралём і ўступіць у сілу пасьля публікацыі ў Дзяржаўным часопісе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG