Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напад у амэрыканскім цягніку выклікаў бурнае асуджэньне ў ЗША


Праз некалькі дзён пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў лідэраў мусульманскіх краінаў аб’яднацца для барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам, у цягніку ў Портлендзе, штат Арэгон, мужчына накінуўся з антымусульманскімі выкрыкамі на двух дзяўчат-падлеткаў, а потым забіў двух чалавек і параніў яшчэ аднаго, калі яны паспрабавалі яго спыніць, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У панядзелак прэзыдэнт ЗША ў «Твітэры» назваў напад «непрымальным».

«Ахвяры нападу выступілі супраць нянавісьці і нецярпімасьці. Мы молімся за іх», — гаворыцца ў паведамленьні прэзыдэнта ЗША.

Мясцовыя ўлады, як і прадстаўнікі іншых штатаў, рашуча асудзіў напад, заявіўшы, што падобным дзеяньням на глебе нянавісьці не месца ў ЗША.

Па словах паліцыі Портленда, на адной з дзяўчат у цягніку быў хіджаб, а нападнік выкарыстоўваў рыторыку абразы і нянавісьці.

Сэнатар Джэф Мэрклі, які прадстаўляе штат Арэгон, назваў гэтую праяву нянавісьці «непрымальнай і неамэрыканскай».

«Мы ўсе падтрымліваем сваіх мусульманскіх братоў і сёстраў, якім даводзіцца сутыкацца з дыскрымінацыяй і страхам», — напісаў ён у «Твітэры».

У зьдзяйсьненьні нападу ў Портлендзе падазраецца 35-гадовы Джэрэмі Крысьціян. Па словах паліцыі, склалася ўражаньне, што ён вызнае экстрэмісцкую ідэалёгію, а яго пасты ў сацсетках адлюстроўваюць сымпатыі да нацыстаў і палітычнага гвалту.

«Ён загадаў нам прыбірацца назад у Саудаўскую Арабію і сказаў, што нас тут быць не павінна, каб мы прыбіраліся з краіны, — распавяла портлендскаму каналу KPTV 16-гадовая Дэстыні Магнум. — Па сутнасьці ён казаў, што мы — ніхто і павінны забіць сябе».

Магнум ехала ў цягніку з 17-гадовай сяброўкай. Яна падзякавала тым, хто прыйшоў ім на дапамогу, сказаўшы: «Калі б не яны, мы, напэўна, ужо былі б мёртвыя».

53-гадовы вайсковы вэтэран і бацька чатырох дзяцей Рыкі Джон Бэст і выпускнік каледжу Талісін Мірдін Намкай памерлі на месцы ад атрыманых раненьняў. Міка Дэвід Коўл Флэтчар быў шпіталізаваны з траўмамі, якія не ўяўляюць пагрозы для жыцьця.

Паранены 21-гадовы Флэтчэр, які цяпер знаходзіцца ў шпіталі, як высьветлілася, у 2013 годзе перамог у паэтычным конкурсе з паэмай, якая асуджае забабоны, зь якімі сутыкаюцца мусульмане. У той час ён яшчэ быў вучнем школы.

Тысячы чалавек ахвяравалі сродкі на карысьць ахвяраў і іх сем’яў: па стане на панядзелак, было сабрана каля 800 000 даляраў.

«Яны ўбачылі несправядлівасьць, расізм, і ўмяшаліся, — сказаў член Палаты прадстаўнікоў Кіт Элісан, першы мусульманін, абраны ў Кангрэс. — Яны праявілі лепшыя якасьці амэрыканскіх герояў і былі забітыя за гэта».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG