Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтрыга дня: выбары прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі


Штаб-кватэра Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі

Сёньня ў Менску адбудзецца сход Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Як паведамляе прэсавая служба НАК, плянуецца выбраць прэзыдэнта, першага віцэ-прэзыдэнта, віцэ-прэзыдэнтаў і чальцоў выканкаму арганізацыі.

Таксама ўдзельнікі абмяркуюць зьмены ў статут НАК Беларусі, разгледзяць справаздачу рэвізійнай камісіі аб дзейнасьці камітэту за пэрыяд 2013-2016 гадоў.

Невядома, ці зьбіраецца перавыбірацца на чарговы тэрмін Аляксандар Лукашэнка, які апошнія два дзясяткі гадоў сумяшчае пасады прэзыдэнта краіны і прэзыдэнта НАК. Гэтаксама невядома, ці ёсьць альтэрнатыўныя кандыдатуры на гэтую пасаду.

У 1997 годзе замест заўчасна памерлага прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Ўладзімера Рыжанкова вылучыўся Аляксандар Лукашэнка. Са 117 удзельнікаў пазачарговай сэсіі НАК 114 аддалі галасы за Лукашэнку, адзін устрымаўся, і толькі двое — шахматыст Віктар Купрэйчык і гімнастка Алена Ваўчэцкая — былі супраць.

Віктар Купрэйчык памёр тыдзень таму, а раней у гутарцы з Радыё Свабода сваё рашэньне патлумачыў неабходнасьцю выконваць прынцыпы Алімпійскай хартыі, дзе гаворыцца: пасаду ня могуць займаць людзі, якія знаходзяцца ў афіцыйных званьнях. На чале з прэзыдэнтам краіны НАК непазьбежна ператворыцца ў дзяржаўную ўстанову, папярэджваў ён.

«Мая пазыцыя толькі ўмацавалася, стала нават больш жорсткай, — гаварыў Купрэйчык у адным з апошніх інтэрвію карэспандэнту Свабоды. — Фактычна здарылася тое, пра што я і папярэджваў. Цяпер як паглядзіш, то спортам камандуюць то танкісты, то пажарныя. Рашэньні, якія прымаюць людзі, бясконца далёкія ад спорту, часьцяком проста валюнтарысцкія. Усе гэтыя „давай, давай“ не прыносяць спорту ніякай карысьці».

У прэсавым рэлізе НАК удакладняецца, што асаблівая ўвага падчас сёньняшняга сходу будзе нададзена падрыхтоўцы беларускіх спартоўцаў да зімніх Алімпійскіх гульняў 2018 году ў карэйскім Пхёнчхане і летняй Алімпіяды 2020 году ў Токіё.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG