Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі суд адхіліў скаргу на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары, які арыштаваныя назвалі канцлягерам


Гомельскі ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Міжгародняй

Суд Савецкага раёну Гомля адмовіўся разглядаць калектыўную скаргу грамадзкіх актывістаў — Уладзімера Кацоры, Андрэя Макарава, Віктара Рубцова, Дзьмітрыя Сабурава, Андрэя Толчына і Арцёма Шапарава — на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары часовага ўтрыманьня УУС Гомельскага аблвыканкаму.

У вызначэньні на адмову спаслаўся на непадведамнасьць.

За лютаўска-сакавіцкія пратэсты супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 гомельскія актывісты адбылі агулам звыш 60 сутак арышту — пасьля гэтага й падалі скаргу ў суд.

Андрэй Толчын
Андрэй Толчын

«Асабіста мяне, — кажа Андрэй Толчын, — менавіта суд Савецкага раёну пакараў 8-суткавым арыштам, прыраўняўшы, усьлед за міліцыяй, запіс у фэйсбуку да заклікаў на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Цяпер гэты ж суд адмаўляецца разглядаць маю скаргу на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары, куды адправіў. Там было холадна, але кантралёры ІЧУ адмовіліся прыняць для мяне ад жонкі цёплыя рэчы. А перададзеныя санітарна-гігіенічныя рэчы перадалі толькі ў дзень вызваленьня. На суткі мяне пасадзілі ў камэру з заядлым курцом, хоць сам я не куру. Камэра, у якой сядзеў, не абсталяваная сыстэмай вэнтыляцыі — паветра насычана пахамі поту, мачы й экскрэмэнтаў. На прагулкі выводзілі толькі тры разы, хоць паводле правілаў утрыманьня павінны былі гэта рабіць кожны дзень».

Пра жорсткае абыходжаньне і ўмовы, якія прыніжаюць чалавечую годнасьць і па сутнасьці зьяўляюцца катаваньнем, кажуць і ўсе іншыя заяўнікі. Супрацоўнікі ізалятара ўключалі ў камэры радыё настолькі гучна, што даводзілася затыкаць вушы. У камэрах не было цёплай вады. Сядзельцы не маглі патэлефанаваць дахаты сваім родным — кантралёры ізалятара ўвесь час тлумачылі, што сувязь не працуе.

Андрэй Макараў
Андрэй Макараў

«Я інвалід савецкай арміі, — кажа Андрэй Макараў. — За сем сутак мне ні разу не далі памыцца пад душам — спасылаліся на тое, што душ прадстаўляецца толькі тым, хто ў ізалятары знаходзіцца дзесяць і больш сутак. На прагулку вывелі толькі аднойчы. Прыбіральня, сталовая і спальня — усё ў адной камэры. І гэта пры тым, што зьнешняга прытоку паветра ў камэрах няма. Гэта хутчэй нагадвае канцлягер, а не ўстанову, дзе людзі часова ізаляваныя».

Паводле заяўнікаў, прыведзеныя імі факты сьведчаць пра неадпаведнасьць умоваў утрыманьня Правілам унутранага распарадку месцаў адбываньня адміністрацыйнага арышту, зацьверджаным пастановай МУС Рэспублікі Беларусь № 313 ад 20 кастрычніка 2015 году.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае актывістам абскарджваць пакараньні, кажа, што адмова ў судовай абароне па матывах адсутнасьці, непаўнаты, супярэчлівасьці, няяснасьці нарматыўнага акту не дапускаецца.

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Канстытуцыя гарантуе грамадзянам права на судовую абарону сваіх правоў. Мы і зьвярнуліся ў суд, але там кажуць, што ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары судом не абараняюцца. Выглядае, што ўмовы ўтрыманьня ў месцах пазбаўленьня волі ня могуць быць пастаўленыя пад сумнеў. Але ж, апрача суду, у актывістаў няма іншых эфэктыўных сродкаў прававой абароны, якія дазваляюць аспрэчыць у незалежнай і бесстароньняй інстанцыі ўмовы ўтрыманьня ў ІЧУ. Адмова несумненна прывяла да парушэньня іх права на справядлівы разгляд кампэтэнтным, незалежным і неперадузятым судом», — лічыць юрыст Судаленка.

На нежаданьне Савецкага суду разгледзець заяву аб умовах утрыманьня ў ізалятары актывісты падалі скаргу ў Гомельскі абласны суд. Яны адзначылі таксама, што адмова на судовую абарону з прычыны непадведамнасьці парушае Канстытуцыю і міжнародныя дамовы, у якіх удзельнічае Беларусь.

XS
SM
MD
LG