Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі ўпершыню жанчына ўзначаліла пратэстанцкую царкву


Абраньне Эманюэль Сэйболд на пасаду старшыні рады Абʼяднанай пратэстанцкай царквы Францыі адбылося ў пятніцу, 27 траўня, на штогадовым сынодзе, які прайшоў у Лілі. Раней Сэйболд была пастарам пратэстанцкай царквы Бэзансону (рэгіён Бургундыя- Франш-Кантэ).

Жанчыны і раней займалі ў пратэстантызьме Францыі бачнае месца, адзначае Le Monde, але яшчэ ніколі не абіраліся на пасаду кіраўніка ўсёй пратэстанцкай царквы краіны (хоць фармальна гэта дазволена ад 1965 году). На нацыянальным узроўні жанчына ніколі раней не ўзначальвала хрысьціянскую царкву.

Эманюэль Сэйболд нарадзілася ў 1970 годзе ў Люнэлі ў сямʼі актывісткі кампартыі і дзеяча мясцовай пратэстанцкай царквы. Паміж кампартыяй і царквой абрала царкву — атрымала адукацыю на факультэце пратэстанцкай тэалёгіі ў Парыжы і ў Манпэлье.

Актыўнымі прыхаджанамі Абʼяднанай пратэстанцкай царквы Францыі, паводле дадзеных самой царквы, зьяўляюцца 250 000 чалавек.

XS
SM
MD
LG