Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эвалюцыя альбо сьмерць» — украінскі літаратар і мастак прэзэнтаваў кнігу ў Гомлі


Іван Сэмесюк, украінскі пісьменьнік, падчас прэзентацыі
Іван Сэмесюк, украінскі пісьменьнік, падчас прэзентацыі

«Ідыёцкія гісторыі пра дэгенэратаў, калхазанаў і духоўных настаўнікаў». Кнігу для чытачоў узросту 18+ прэзэнтавалі ў Гомлі.

Чацьвёра хлопцаў — украінскі літаратар і мастак Іван Сэмесюк з раманам «Эвалюцыя альбо сьмерць. Прыгоды павіяна Томаса», рэдактар Сяргей Прылуцкі, прадстаўнік выдавецтва «Люта справа» Сяргей Ганчарук і перакладчык рамана на беларускую мову Алесь Плотка — прэзэнтавалі містычна-прыгодніцкую кнігу ў Гомлі.
Міжнародная літаратурная падзея адбылася падвечар 27 траўня каля кавалаторыя з ангельскай назваю «Cup of Peace», што па-беларуску азначае «Кубак міру».

Іван Сэмэсюк і Алесь Плотка
Іван Сэмэсюк і Алесь Плотка


Распачаў імпрэзу перакладчык рамана, малады гомельскі паэт Алесь Плотка, зазначыўшы, што кніжка пра павіяна Томаса своечасовая, напісаная ў жанры аргамістычнага рэалізму. І разьлічана яна на чытачоў узросту 18+, бо дзе-нідзе ўтрымлівае й мацюкі. Алесь прачытаў і свае вершы пра Беларусь як краіну пад белымі крыламі, у якой бракуе ўласна белага, але разьвіцьцё ідзе досыць гарманічна: «партнэрства — усходняе, бабло — заходняе».

Аўтар заўважыў, што раман насычаны ідыёцкімі гісторыямі пра дэгенэратаў, калхазанаў і духоўных настаўнікаў.

«Ня ведаю, як у Беларусі, — сказаў карэспандэнту Свабоды Іван Сэмесюк, — а ва Ўкраіне адбываецца рэнэсанс прыгодніцкай літаратуры — яна часам мае нават рысы літаратуры хуліганскай. Мая кніга цалкам прыгодніцкая, некаторыя пэрсанажы гінуць, а іншыя дасягаюць нацыянальнага прасьвятленьня».


Рэдагаваў кнігу ўраджэнец Берасьця Сяргей Прылуцкі, які цяпер жыве ў Кіеве і піша вершаваныя прыгодніцкія творы для дзяцей пад псэўданімам Сірошка Пістончык, а яшчэ займаецца перакладамі з ангельскай, польскай, украінскай моваў.

Прэзэнтацыяй кнігі Івана Сэмесюка ў Гомлі маладыя ўкраінска-беларускія творцы запачаткавалі літаратурную тусоўку на сьвежым паветры. Прынамсі, ім самім хацелася, каб гэта сапраўды было так.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG