Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціянска-дэмакратычны рух зьмяніў назву і стратэгію


27 траўня ў Менску адбыўся ІІ сход Хрысьціянска-дэмакратычнага руху, устаноўчы сход якога прайшоў 14 лістапада 2015 году, але арганізацыі было адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі. Пра гэта гаворыцца ў адмысловым паведамленьні, разасланым у СМІ з нагоды сходу.

У выніку паўтара года ХДР быў вымушаны дзейнічаць у якасьці аргкамітэту, да яго далучыліся новыя актывісты. Больш за палову прысутных на сходзе 27 траўня далучыліся да руху цягам апошняга году.

На сходзе было вырашана ўнесьці шэраг зьменаў, якія маюць дапамагчы далейшаму разьвіцьцю арганізацыі. У прыватнасьці, удзельнікі сходу прагаласавалі за зьмену назвы на Сацыяльна-хрысьціянскі рух. Як адзначыла лідэр СХР Вольга Кавалькова, тым самым аб’яднаньне пазбаўляецца ад палітычных аспэктаў і асацыяцый у сваёй дзейнасьці і робіць акцэнт на грамадзкую актыўнасьць, якая па-ранейшаму будзе заснаваная на хрысьціянскіх каштоўнасьцях любові да бліжняга і служэньня. «Мы не палітычная партыя, мы, як арганізацыя, ня ўдзельнічаем у выбарах, наша мэта — вырашэньне сацыяльных праблем беларускага грамадзтва», — падкрэсьліла Кавалькова.

Таксама былі ўнесеныя зьмены і ў кіраўніцтва руху. У прыватнасьці, была скарочана колькасьць намесьнікаў старшыні арганізацыі з трох да аднаго, а таксама абраны новы склад Рады СХР і Кантрольна-рэвізійнай камісіі. Старшынёй арганізацыі была пераабраная Вольга Кавалькова, яе намесьнікам — Максім Гацак.

Былі абмеркаваныя кірункі дзейнасьці Сацыяльна-хрысьціянскага руху на бліжэйшы час. Сярод іх паляпшэньне ўмоў утрыманьня ў ізалятарах і турмах, паляпшэньне сытуацыі і стаўленьня да людзей з інваліднасьцю і іх апекуноў, абарона жывёл, сацыялізацыяй вызваленых зь месцаў зьняволеньня, мэмарыялізацыяй месцаў, зьвязаных са сталінскімі рэпрэсіямі, пашырэньнем беларускай мовы ў сыстэме адукацыі і іншыя.

Падача дакумэнтаў на рэгістрацыю СХР заплянаваная бліжэйшым часам. «Наша рэгістрацыя стане тэстам для ўладаў, наколькі яны сапраўды гатовыя да лібэралізацыі, наколькі яны сапраўды гатовыя рэгістраваць грамадзкія аб’яднаньні і палітычныя партыі», — падкрэсьліла Вольга Кавалькова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG