Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ламаючы традыцыі: першы замежны візыт Трампа


Большасьць прэзыдэнтаў ЗША пачыналі свае замежныя паездкі з суседняй Канады або Мэксыкі. Аднак Дональд Трамп ўжо за першыя чатыры месяцы свайго знаходжаньня ў Белым доме даў зразумець, што ён незвычайны прэзыдэнт.

Ён не пайшоў у ціхія дыпляматычныя воды і адразу ж адправіўся ў турнэ па Блізкім Усходзе і Эўропе, наведаўшы за дзевяць дзён Савудаўскую Арабію, Ізраіль, Палестынскую аўтаномію, Брусэль, Рым і Сіцылію.

Пакуль у ЗША ідуць баі вакол праекту бюджэту, рэформы аховы здароўя, звальненьня дырэктара ФБР і расьсьледаваньня сувязяў цяперашняй адміністрацыі з Расеяй, Трамп разьлічваў скарыць сусьветную публіку, якая скептычна успрыняла абвешчаны ім палітычны прынцып «Амэрыка на першым месцы».

Спроба пабудаваць адносіны з ключавымі саюзьнікамі не прынесла адназначнага выніку, даўшы аргумэнты як прыхільнікам, так і праціўнікам амэрыканскага прэзыдэнта.

Савудаўская Арабія

Першы замежны рэйс новага пасажыра «борту нумар адзін» адбыўся 20 траўня і быў сустрэты ўь Эр-Рыядзе зь вялікай помпай. Трамп, верагодна, хацеў запэўніць караля Салмана ібн Абдул-Азіза Аль Саўда і кіраўнікоў 50 мусульманскіх краін, што ЗША падтрымліваюць іх рэжымы і што дзеючая адміністрацыя не зьяўляецца антыісламскаю.

Заявы Трампа ў тым, што Савудаўская Арабія і іншыя суніцкія краіны ў блізкаўсходнім рэгіёне «не павінны сумнявацца ў нашай падтрымцы» і што «мы тут не для таго, каб чытаць мараль», былі цёпла сустрэтыя яго аўдыторыяй, аднак выклікалі раздражненьне праваабаронцаў, якія хацелі пачуць жорсткія патрабаваньні выконваць правы чалавека.

Амэрыканскі прэзыдэнт прыехаў не з пустымі рукамі: ён прапанаваў Савудаўскай Арабіі дамову на пастаўку ўзбраеньняў на суму 110 мільярдаў даляраў. І яшчэ на 350 мільярдаў даляраў у бліжэйшыя 10 гадоў.

Паводле словаў Трампа, гэтае пагадненьне будзе спрыяць барацьбе з тэрарызмам на Блізкім Усходзе, а, акрамя таго, міжнародныя кантракты на пастаўкі зброі прывядуць да павелічэньня занятасьці ў ЗША, што так падтрымліваюць яго прыхільнікі.

Аднак амэрыканскія заканадаўцы прытрымліваюцца іншых поглядаў. Як дэмакратычная, так і рэспубліканская фракцыя ў Сэнаце і Палаце прадстаўнікоў спрабуюць заблякаваць як мінімум частку гэтай зьдзелкі, якая ідзе насуперак з ранейшай палітыкай ЗША. Яны не паверылі, што новая стратэгія адпавядае інтарэсам краіны.

«Гэтай дамовай прэзыдэнт Трамп залівае палаючы дом бэнзінам і, сыходзячы, закрывае дзьверы на ключ», — заявіў Эрык Фэрэра, дырэктар па сувязях з грамадзкасьцю амэрыканскага філіялу «Міжнароднай Амністыі».

Ізраіль і Палестынская аўтаномія

22 траўня пачаўся двухдзённы візыт Трампа ў Ізраіль і Палестынскую аўтаномію.

Напружаны графік дазволіў яму наведаць Сьцяну плачу, цэнтар памяці ахвяр Галакосту Яд Вашэм, Ізраільскі музэй, а таксама сустрэцца з прэм’ер-міністрам Біньямінам Нетаньягу, прэзыдэнтам Ізраілю Реувенам Рывлінам і прэзыдэнтам палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам.

Наведваньне хрысьціянскіх і іудзейскіх сьвятынь, а таксама сустрэча з Абасам паказвае, што Трамп спрабуе ўсталяваць кантакт з прадстаўнікамі розных рэлігій і закласьці асновы для мірных перамоваў для дасягненьня, паводле словаў амэрыканскага прэзыдэнта, «канчатковага пагадненьня».

Пры гэтым кіраўнік Белага дому адмовіўся выканаць перадвыбарчае абяцаньне — прынамсі, часова — і перанесьці амбасаду ЗША з Тэль-Авіву ў Ерусалім, што магло парушыць цяперашні балянс. Ізраіль лічыць Ерусалім сваёй вечнай сталіцай і хоча, каб там знаходзіліся замежныя амбасады, аднак многія саюзьнікі ЗША выступаюць супраць, паколькі палестынцы таксама лічаць яго сваёй сталіцай.

Яшчэ адзін скандал узьнік пасьля таго, як Трамп па заканчэньні сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з Нетаньягу ў адказ на крытычныя рэплікі журналістаў, заявіў перад тэлекамэрамі, што ня згадваў Ізраіль як крыніцу сакрэтнай інфармацыі, якой ён раней падзяліўся з расейскай дэлегацыяй на сустрэчы ў Авальным кабінэце. Такім чынам, упершыню ад афіцыйнай асобы ЗША прагучаў намёк, што разьведвальныя зьвесткі былі перададзеныя Ізраілем.

Акрамя таго, Трампа раскрытыкавалі за запіс у кнізе ганаровых гасьцей Яд Вашэм. Прэзыдэнт напісаў, што яго візыт быў «узрушваючым» і ён «ніколі не забудзе» пра яго, аднак крытыкі палічылі яго стыль занадта легкаважным. «Запіс Трампа ў кнізе ганаровых гасьцей у цэнтры памяці ахвяр Галакосту падобны да тых, што школьнікі пішуць адзін аднаму ў выпускных альбомах», — адзначыў у сваім твітэры ізраільскі пісьменьнік Яір Розэнбэрг.

Газэта «Хаарэтц» выступіла зь яшчэ больш жорсткай крытыкай амэрыканскага прэзыдэнта. «Ён хацеў рэабілітавацца пасьля абвінавачваньняў у антысэмітызьме, аднак наведваньне Ізраілю ў ходзе духоўнага гран-тура Трампа ператварылася ў бессэнсоўную чараду жэстаў, якія нічога не азначаюць», — напісала газэта і іранічна суправадзіла запіс Трампа ў Яд Вашэм фатаграфіяй больш зьмястоўнага тэксту, пакінутага там прэзыдэнтам Баракам Абамам у 2008 годзе.

Ватыкан

Трэцяй — і верагодна, найменш скандальнай — часткай замежнага візыту Трампа стала наведваньне Ватыкана і сустрэча з папам рымскім Францішкам і прэзыдэнтам Італіі Сэрджыё Матарэлай.

Улічваючы, што падчас перадвыбарнай кампаніі Трампа пантыфік скептычна адгукаўся пра яго хрысьціянскія погляды, іх сустрэчу можна лічыць пасьпяховай: бакі абмяняліся падарункамі і правялі паўгадзінную душэўную размову.

Францішак падараваў Трампу падпісаны асобнік свайго пасланьня 2017 году «Нягвалт: стыль палітыкі ў абарону міру», а таксама энцыкліку 2015 году, прысьвечаную абароне навакольнага асяродзьдзя і нэгатыўных наступстваў ад зьмены клімату. У ходзе сваёй перадвыбарнай кампаніі амэрыканскі прэзыдэнт называў доказы зьмены клімату «падробкай». Акрамя таго, пантыфік падарыў Трампу статуэтку аліўкавага дрэва, выказаўшы надзею, што прэзыдэнт «стане аліўкавым дрэвам у справе барацьбы за мір».

Трамп заявіў, што сустрэча з папам рымскім была для яго «вялікім гонарам». Францішак жартам спытаў у Мэлані Трамп, ці корміць яна прэзыдэнта традыцыйным славенскі дэсэртам поціцай (а ня піцай, як спачатку паведамлялася).

Брусэль

Пасьля прайшоўшага гладка візыту ў Італію Трамп адразу ж сутыкнуўся з праблемамі ў сталіцы Эўразьвязу Брусэлі, куды ён прыбыў 25 траўня.

Менш за год таму ён называў NATO «састарэлай арганізацыяй», аднак пасьля зьмяніў сваю пазыцыю. Сустрэча з саюзьнікамі па альянсе адбылася ў новай штаб-кватэры, будаўніцтва якой каштавала больш за мільярд даляраў, што мела на мэце падкрэсьліць актуальнасьць і сучаснасьць NATO.

Аднак у ходзе сустрэчы з эўрапейскімі лідэрамі Трамп зазнаў крытыку за свае сувязі з Расеяй і скандальную уцечку зьвестак пра расьсьледаваньне тэракту ў Манчэстэры, які адбыўся 22 траўня і забраў жыцьці 22 чалавек.

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Дональд Туск адкрыта раскрытыкаваў Трампа, заклікаўшы датрымліваць «заходнія каштоўнасьці» і адмовіцца ад ізаляцыянісцкай палітыкі ў пытаньнях зьмены клімату, гандлю і, асабліва, Расеі.

«Я сказаў прэзыдэнту Трампу пра тое, што сэнс нашаму супрацоўніцтву і дружбе надаюць такія фундамэнтальныя эўрапейскія каштоўнасьці, як свабода, правы чалавека і павага чалавечай годнасьці», — заявіў Туск пасьля сустрэчы.

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй зьвярнула ўвагу на праблему уцечкі інфармацыі ў расьсьледаваньні тэракту ў Манчэстэры, якая адбылася па віне амэрыканскіх спэцслужбаў і якая выклікала абурэньне ў іх брытанскіх калегаў.

Замест таго, каб асудзіць Расею за анэксію Крыму, на што разьлічвалі некаторыя члены NATO, Трамп запатрабаваў ад лідэраў астатніх 27 краін альянсу выконваць свае фінансавыя абавязаньні. Ён паўшчуваў іх за тое, што яны павінны «калясальныя» сумы і запатрабаваў больш актыўна змагацца з тэрарызмам і надаваць большую ўвагу праблемам іміграцыі і расейскай пагрозе.

Не засталося незаўважаным і тое, што прэзыдэнт ні разу наўпрост не згадаў пяты артыкул статуту NATO ў калектыўнай абароне ў выпадку нападу на аднаго з членаў альянсу. Пачынаючы з Гары Трумэна кожны амэрыканскі прэзыдэнт у відавочнай форме абяцаў выконваць гэтае патрабаваньне.

У выніку прэс-сакратару Белага Дому Шону Спэнсэру давялося запэўніць журналістаў, што Трамп «на 100%» верны абавязаньням калектыўнай абароны. «З нашага боку няма ніякага крыўляньня. Ён у поўнай меры прызнае гэта абавязаньне», — заявіўшы Спенсер.

Калі пасьля выступу ў Брусэлі Трамп і так набыў у саюзьнікаў па блёку рэпутацыю прыхільніка грубай сілы, то эпізод з прэм’ер-міністрам Чарнагорыі Душкам Маркавічам, якога ён адштурхнуў, каб праціснуцца наперад, сытуацыю толькі пагоршыў.

«Гэта альянс народаў, змацаваных адным лёсам — літаральна браты па зброі... Каб быць разам, мы павінны знайсьці кансэнсус, — заявіў Роберт Бэйнс, прэзыдэнт няўрадавай арганізацыі „Сяброўства Канады ў NATO“. — Замест гэтага мы бачым спробы ледзь не запалохаць, сілай прымусіць людзей рабіць тое, што ад іх хочуць».

Алан Кросбі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG