Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія высылае з краіны расейскіх дыпляматаў, якія працавалі ў Нарве: генконсула і консула-дарадцу


МЗС Эстонскай рэспублікі пацьвердзіў, што расейскаму генэральнаму консулу ў Нарве Дзьмітрыю Казёнаву і консулу-дарадцу ў Нарве Андрэю Сургаеву ўручылі ноту, і цяпер яны абавязаныя пакінуць Эстонію як пэрсоны нон-грата.

Па словах прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Эстоніі Сандры Камілавай, МЗС пацьвярджае інфармацыю аб высылцы расейскіх дыпляматаў, але адмаўляецца камэнтаваць прычыны высылкі. Дэпутат парлямэнту Эстоніі Райва Аег заявіў выданьню Postimees.ee, што падобныя інцыдэнты звычайна зьвязаныя з абвінавачваньнямі ў шпіянажы.

Амбасада Расеі ў Эстоніі таксама пакуль сытуацыю не пракамэнтавала. Расейскі МЗС заявіў, што высылка — «чарговы несяброўскі і нічым не абгрунтаваны акт, які не застанецца без адказу». Якіх-кольвечы дэталяў да сказанага ў міністэрстве не дадалі.

****

Адносіны паміж дзьвюма краінамі рэзка сапсаваліся ў апошнія некалькі гадоў: бакі ўзаемна абвінавачваюць адзін аднаго ў шпіянажы і арыштоўваюць людзей, якіх, абгрунтавана альбо не, лічаць чужымі агентамі.

У 2015 годзе супрацоўнікі ФСБ затрымалі супрацоўніка паліцыі бясьпекі Эстоніі Эстана Кохвэра, а суд у Расеі прызнаў яго вінаватым у шпіянажы, кантрабандзе зброі, яго незаконным нашэньні і незаконным перасячэньні мяжы. Кохвэр быў прысуджаны да 15 гадоў калёніі строгага рэжыму, але пазьней быў памяняны на расейскага агента Аляксея Дрэсэна, які адбываў пакараньне ў Эстоніі за перадачу Расеі сакрэтных дадзеных.

Пазьней у Расеі быў арыштаваны бізнэсовец Райва Сусі, які займаўся зборкай, рамонтам, абслугоўваньнем і продажам навучальных рэактыўных самалётаў. Расейскія спэцслужбы таксама абвінавацілі яго ў шпіянажы.

У адказ на гэта ў лютым 2016 году за супрацоўніцтва са спэцслужбамі Расеі ў Эстоніі былі асуджаныя тры чалавекі. Расея адказала тым, што арыштавала ў Пецярбургу Арсэна Мардалейшвілі, які ў Эстоніі быў асобай без грамадзянства. Як сьцьвярджаюць у ФСБ, ён зьбіраў для Эстоніі сакрэтныя зьвесткі аб узброеных сілах Расеі на заданьне эстонскай паліцыі. Пазьней ён быў прысуджаны да 11 гадоў калёніі.

Апошні інцыдэнт адбыўся ў траўні 2017 году. Грамадзянін Расеі Арцём Зінчанка атрымаў пяць гадоў турмы за супрацоўніцтва з вайсковай выведкай Расеі. Як сьцьвярджаюць эстонскія сьледчыя, ГРУ завэрбавалі Зінчанку ў 2009 годзе, і ўвесь гэты час ён зьбіраў інфармацыю пра абʼекты дзяржбясьпекі і жыцьцёва важныя абʼекты на тэрыторыі Эстоніі і фіксаваў рух вайсковай тэхнікі Сіл абароны Эстоніі і NATO на тэрыторыі краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG