Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і лідэры G7 абмяркуюць эканоміку, клімат і Расею


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША прыбыў на Сыцылію, дзе пройдзе двухдзённы саміт «Вялікай сямёркі».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыбыў на Сыцылію, дзе пройдзе двухдзённы саміт «Вялікай сямёркі», падчас якога іншыя лідэры, як чакаецца, паспрабуюць пераканаць яго зьмякчыць пазыцыю па пытаньнях гандлю і зьмены клімату.

Саміт G7 у курортным горадзе Таарміна — апошні прыпынак у дзевяцідзённым турнэ Трампа па краінах Блізкага Ўсходу і Эўропы.

Трамп і лідэры Японіі, Канады, Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі і Італіі правядуць двухдзённыя перамовы на Сыцыліі, дзе амэрыканскі прэзыдэнт, як чакаецца, зробіць упор на важнасьці ўнутранага эканамічнага росту.

Важнае месца на парадку дня займае і Расея. Як заявіў дарадца Белага дома па эканоміцы Гэры Кон, у чацьвер у Брусэлі лідэры NATO закранулі пытаньне пра санкцыі, уведзеныя Захадам у дачыненьні да Масквы пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе.

Адказваючы на пытаньне аб тым, ці хоча Вашынгтон падоўжыць фінансавыя абмежаваньні, Кон сказаў: «Я мяркую, прэзыдэнт вывучае гэтае пытаньне. У цяперашні момант у нас няма пазыцыі».

Трамп таксама чакае бурных спрэчак зь лідэрамі іншых краінаў «Вялікай сямёркі» з нагоды гандлю і зьмены клімату, дадаў Кон.

Калегі Трампа па G7 асабліва занепакоеныя тым, што ён можа выканаць перадвыбарчае абяцаньне і пачаць пратэкцыянісцкую палітыку, а таксама адступіць ад узятых ЗША абавязацельстваў па абмежаваньні выкідаў парніковых газаў у адпаведнасьці з Парыскім пагадненьнем ад 2015 году.

Выступаючы перад журналістамі на борце прэзыдэнцкага самалёта па дарозе ў Італію, Кон адзначыў, што абодва пытаньні будуць абмяркоўвацца ў рамках саміту.

«У нас будзе вельмі ажыўленая дыскусія па праблемах гандлю, мы будзем казаць пра тое, што значыць адкрыты і свабодны гандаль, — растлумачыў ён. — Прэзыдэнт разумее пад гэтым, што мы будзем абыходзіцца з вамі так жа, як вы з намі: калі ў вас няма гандлёвых бар’ераў і тарыфаў, то і ў нас ня будзе».

Ён таксама выказаў здагадку, што прэзыдэнта чакае «даволі бурная дыскусія» па праблеме зьмяненьня клімату, дадаўшы, што Трамп, які некалі назваў глябальнае пацяпленьне выдумкай, прыме рашэньне наконт Парыскага пагадненьня толькі па вяртаньні ў Вашынгтон.

Паводле слоў Кона, важнай тэмай саміту таксама стане тэрарызм. Акрамя таго, лідэры абмяркуюць кібэрбясьпеку, КНДР, Аўганістан і Пакістан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG