Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі суд абавязаў міліцыю кампэнсаваць шкоду сям’і Пцічкіных


Ігар Пцічкін, архіўнае фота
Ігар Пцічкін, архіўнае фота

Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле рашэньне аб кампэнсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды ў справе сям’і Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА № 1. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Суд першай інстанцыі пастанавіў спагнаць зь Міністэрства ўнутраных спраў 30 тысяч рублёў маральнай і яшчэ 6 тысяч рублёў матэрыяльнай кампэнсацыі на карысьць маці і сястры загінулага. У міліцэйскім ведамстве палічылі, што, па-першае, сума завышаная, па-другое, яе мусіць сплочваць Міністэрства фінансаў.

Касацыйную скаргу сілавога ведамства Менгарсуд разгледзеў 25 траўня. Прадстаўнік МУС нагадаў: вінаватым у надзвычайным здарэньні прызнаны былы фэльчар сьледчага ізалятару Аляксандар Крылоў. Ён асуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі па факце неналежнага выкананьня прафэсійных абавязкаў (ч. 2 арт. 162 КК), што прывяло да сьмерці асуджанага. Аднак маральная шкода, на яго думку, ацэнена неадэкватна.

Разам з тым першапачаткова маці і сястра Ігара Пцічкіна патрабавалі па 100 тысяч рублёў кожная. Аднак суд значна паменшыў гэтую суму: маці — 20 тысяч, сястры — 10 тысяч.

«У МУС лічаць, што мы недастаткова даказалі свае маральныя пакуты, — кажа Жанна Пцічкіна. — Як так? Я адправіла здаровага, моцнага сына, а праз чатыры дні мне вярнулі труп. Што яшчэ я павінна даказваць? Нават па целе не магла яго пазнаць, ён быў увесь сіні ад зьбіваньня!»

Жана Пцічкіна, архіўнае фота
Жана Пцічкіна, архіўнае фота

Таксама ў міліцыі ня згодныя з памерам матэрыяльнай кампэнсацыі — 6 тысяч рублёў, якія сям’я Пцічкіна выдаткавала на пахаваньне. Прадстаўнік МУС зазначыў, што суд зыходзіў з фактычных выдаткаў, а трэба было суаднесьці расходы са стандартнымі расцэнкамі. Пры гэтым ён падаў расцэнкі страхавога выпадку, калі працоўны гіне на вытворчасьці.

Апроч таго, на перакананьне МУС, шкода павінна кампэнсавацца зь дзяржаўнай казны, паколькі Крылоў зьяўляўся прадстаўніком дзяржоргана.

У выніку Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле рашэньне суду Заводзкага раёну, за выключэньнем аднаго пункту — з МУС ня будзе спаганяцца дзяржаўны збор за разгляд справы ў судзе.

Больш за тры гады спатрэбілася Жанне Пцічкінай, каб дамагчыся крымінальнай справы за неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў фэльчарам мэдчасткі «Валадаркі» Аляксандрам Крыловым, якое пацягнула сьмерць ейнага сына празь неасьцярожнасьць.

Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 году, калі адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў. Там да яго былі ўжытыя «меры фізычнага стрымліваньня ў выглядзе фіксацыі рамянямі», у такім стане малады чалавек знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту сьмерці.

Адміністрацыя ізалятару заявіла, што Пцічкін памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сьляды пашкоджаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG