Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўвёў спрыяльны рэжым для рэзыдэнтаў кітайскага парку «Вялікі камень»


У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень»

Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале прэзыдэнцкага ўказу № 166 «Аб удасканаленьні спэцыяльнага прававога рэжыму Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», для яго рэзыдэнтаў будзе створаны найлепшы прававы рэжым. Найперш прадугледжаныя новыя падатковыя льготы.

Так, рэзыдэнты парку вызваляюцца ад падатку на прыбытак, які атрыманы ад рэалізацыі прадукцыі ўласнай вытворчасьці, на працягу 10 каляндарных гадоў ад першага падатковага пэрыяду. Затым падатак можна будзе выплочваць па 50-працэнтнай стаўцы. На час дзеяньня спэцрэжыму рэзыдэнты вызваляюцца ад падатку на нерухомасьць і зямельнага падатку.

Да 1 студзеня 2032 году ад аналягічнага падатку вызваляецца сумесная кампанія разьвіцьця індустрыяльнага парку. Акрамя таго, для яе ўведзены шэраг ільготаў па ўключэньні выдаткаў на разьвіцьцё парку ў склад затратаў.

Указам уведзены спрошчаны парадак рэгістрацыі замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія прыцягваюцца для будаўніцтва, а таксама скасаваньне абмежаваньняў на валютна-абменныя апэрацыі на ўнутраным рынку і спэцыяльны парадак фармаваньня цэнаў на энэргарэсурсы.

Дакумэнт сярод іншага вызначае парадак дзейнасьці адміністрацыі парку паводле прынцыпу «адна станцыя»: цяпер не заяўнік мусіць хадзіць па міністэрскіх ці выканкамаўскіх кабінэтах, а дзяржаўныя органы на запыт адміністрацыі парку будуць накіроўваць сваіх супрацоўнікаў для выкананьня тых ці іншых працэдураў.

Акрамя таго, у парку плянуюць стварыць зону свабоднага гандлю і вызначыць мэханізм узгадненьня з адміністрацыяй графіку кантрольных праверак. Пашыраны крытэрыі для рэгістрацыі ў якасьці рэзыдэнтаў парку: павялічаны пералік асноўных кірункаў рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў і паніжаны мінімальны парог інвэстыцый.

Парк «Вялікі камень» пачалі закладаць у 2012 годзе на падставе міжурадавага пагадненьня паміж Кітаем і Беларусьсю. Ён будуецца за 25 кілямэтраў ад Менску і ў пэрспэктыве зойме плошчу блізу 100 квадратных кілямэтраў. Прыярытэтнымі напрамкамі разьвіцьця абвешчаныя электроніка, біямэдыцына, тонкая хімія, машынабудаваньне. Прадукцыю маецца пастаўляць у краіны СНД і Эўразьвязу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG