Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны пракурор Украіны: сьледзтва ў справе Шарамета выпраўляе памылкі, зробленыя па «гарачых сьлядах»


Павал Шарамет
Павал Шарамет

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заяўляе, што ў расьсьледаваньні забойства журналіста Паўла Шарамета па «гарачых сьлядах» былі зробленыя памылкі і цяпер сьледзтва іх спрабуе выправіць.

«Сьледзтва ідзе. Яго праводзіць Нацыянальная паліцыя, мы таксама накіравалі туды найлепшых пракурораў, але мушу прызнаць, што ў гэтым сьледзтве была зробленая памылка. Канкрэтная памылка ў тым, што вылучыўшы 201 камэру відэаназіраньня, яшчэ адна, як выявілася, найважнейшая, камэра не была вылучаная, што на працягу ўсяго гэтага часу не давала вельмі важнай інфармацыі сьледзтву», — заявіў Юры Луцэнка сёньня ў парлямэнце ў часе сваёй справаздачы за год дзейнасьці на пасадзе генэральнага пракурора Ўкраіны.

Паводле яго, пра гэтую камэру стала вядома толькі дзякуючы незалежнаму журналісцкаму расьсьледаваньню. «Шкада, што гэта стала вядома на ўвесь сьвет, а ня толькі сьледчым, але тым ня менш, гэтыя стужкі ёсьць вельмі важнымі для сьледзтва. Наколькі я ведаю, кіраўніцтва МУС таксама прызнала памылку і зараз зьбіраецца нагнаць змарнаваны час», — дадаў ён.

Журналісты праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP 10 траўня прэзэнтавалі ў Кіеве дакумэнтальны фільм «Забойства Паўла». Аўтары расьсьледаваньня заявілі, што ім удалося выкрыць дэталі, на якія афіцыйнае сьледзтва не зьвярнула ўвагі. У прыватнасьці, журналісты назвалі імя былога супрацоўніка СБУ Ігара Усьціменкі, які мог быць датычным да забойства Паўла Шарамета.

15 траўня сьледчыя Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны дапыталі Ігара Усьціменка ў гэтай справе, але журналістам дагэтуль не паведамілі падрабязнасьці ягоных сьведчаньняў. У той самы дзень старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак заявіў, што Ігар Усьціменка пасьля звальненьня са Службы бясьпекі ў красавіку 2014 году не працаваў у інтарэсах гэтай спэцслужбы і не выконваў ніякіх яе заданьняў.

На другі дзень, 16 траўня ў этэры аднаго з украінскіх тэлеканалаў намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Вадзім Траян заявіў, што да забойства Паўла Шарамета могуць быць датычныя як спэцыяльныя службы Расеі, гэтак і іншых краін СНД. «Ён (Павал Шарамет — РС) быў у апазыцыі і да расейскага прэзыдэнта, і таксама да беларускага прэзыдэнта», — сказаў ён і дадаў: «Могуць быць датычныя службы іншых сумежных дзяржаваў. Як мінімум, Расеі і яшчэ ключавыя іншыя краіны СНД, якія маглі выканаўцаў таксама праз свае дзяржаўныя тэрыторыі накіроўваць сюды ва Ўкраіну».

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля. Паліцыя кваліфікуе яго гібель як наўмыснае забойства, учыненае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG