Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне праходзіць маштабная антыкарупцыйная апэрацыя


Ва Ўкраіне праводзіцца маштабная апэрацыя затрыманьня асобаў, якія падазраюцца ў карупцыі. Пра гэта ў сераду паведамілі на экстраным брыфінгу галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Матыёс і міністар унутраных справаў Арсен Авакаў. Брыфінг адбыўся за гадзіну да гадавой справаздачы ў Вярхоўнай Радзе Генэральнага пракурора краіны Юрыя Луцэнкі, перадае карэспандэнт Радыё Свабода ў Кіеве Уладзімір Івахненка.

У апэрацыі задзейнічаныя больш за 1700 супрацоўнікаў паліцыі і каля 500 вайсковых пракурораў, праходзяць сотні ператрусаў у 15 абласьцях. Ператрусы, у прыватнасьці, зьвязаныя з справай «аб падатковых пляцоўках» экс-міністра падаткаў і збораў Аляксандра Кліменкі, які ўцёк у Расею пасьля падзеяў на Майдане. Як сьцьвярджаецца, папярэдняя сума шкоды, нанесенай карупцыянэрамі, складае 96 мільярдаў грыўняў (каля 4 мільярдаў даляраў).

Ужо вядома пра затрыманьне як найменей 23 былых высокапастаўленых чыноўнікаў часоў прэзыдэнцтва Віктара Януковіча. Большасьць зь іх — экс-начальнікі падатковых органаў i iх намесьнiкi ў Днепрапятроўскай, Луганскай, Палтаўскай, Харкаўскай абласьцях і ў Кіеве. Затрыманых у рэгіёнах самалётамі і верталётамі дастаўляюць у штаб спэцапэрацыі, дзе ім уручаюць падазрэньні і накіроўваюць у Пячэрскі раённы суд Кіева для абраньня меры стрыманьня.

Раней паведамлялася, што ўлады Ўкраіны канфіскавалі з рахункаў адхіленага ад пасады прэзыдэнта краіны Віктара Януковіча і яго атачэньня каля паўтара мільярда даляраў. Як удакладніў тады адвакат экс-кіраўніка дзяржавы, на згаданых уладамі рахунках у Януковіча было ня больш за адзін мільён даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG