Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі актывіст паскардзіўся на «турэмных крывапіўцаў»


Дзьмітры Люнтаў (справа), адразу пасьля вызваленьня з ізалятару часовага ўтрыманьня
Дзьмітры Люнтаў (справа), адразу пасьля вызваленьня з ізалятару часовага ўтрыманьня

Дзьмітры Люнтаў, адзін зь лідэраў сакавіцкіх пратэстаў у Магілёве, паскардзіўся на невядомых жукоў, якія «поедам ядуць» арыштантаў ізалятару часовага ўтрыманьня.

За акцыю 15 сакавіка актывіст быў аcуджаны на 15 сутак і зьмешчаны ў магілёўскі ІЧУ. Пасьля выхаду ён заявіў пра антысанітарныя ўмовы, у якіх вымушаныя знаходзіцца вязьні. Паводле інфармацыі сайту mspring.online, разам з праваабаронцам Барысам Бухелем ён накіраваў скаргу ў пракуратуру і санітарна-эпідэміялягічную службу.

«Пасьля суду я трапіў у сваю камэру на трэцім паверсе, — распавёў Дзьмітры Люнтаў. — Паўсюль на сьценах былі сьляды крывавага колеру, але я не надаў гэтаму асаблівай увагі. Павячэраўшы, я сьмела разгарнуў матрац, заслаў бялізну і лёг на нары. Аднак уначы прачнуўся ад таго, што на падушцы нешта варушыцца. Падняўшы галаву, я ўбачыў чорных жучкоў, якія пачалі разьбягацца ў розныя бакі. Пасьля таго, як я раздушыў пару дзясяткаў, у камэры стаў адчувацца рэзкі непрыемны пах, які застаўся да раніцы, бо на ноч вэнтыляцыю адключалі».

Паводле Люнтава, калі ён душыў насякомых, на ложку заставаліся крывавыя плямы. Пасьля пакусаў скура сьвярбела. Ён папрасіўся перавесьці яго ў іншую камэру, але дзеля перастрахоўкі матрац ён больш не расьсьцілаў, спаў у вопратцы на голай фанэры. Прынамсі ўдалося пазьбегнуць новых балючых пакусаў. А вось суседу па камэры пашанцавала меней:

«Чалавек, які са мной быў у новай камэры, разьдзеўся і лёг спаць. Празь некаторы час пачаў скардзіцца на тое, што ўсё цела сьвярбіць. Зьявіліся чырвоныя плямы на скуры, але дзяжурныя міліцыянты не прыдалі гэтаму ўвагі, ніводнага разу не запыталі пра іх паходжаньне».

Актывіст сказаў, што аднойчы прыйшла жанчына і за пару хвілінаў правяла апрацоўку памяшканьня. Аднак загадкавыя жукі ня зьніклі.

«Каб хоць неяк засьцерагчы сябе ад такой антысанітарыі, я па некалькі разоў на дзень мыў ва ўмывальніку ногі, рукі, галаву, падпахі. На кожным ранішнім аглядзе я заяўляў пра жаданьне прыняць душ, і двойчы мне гэта ўдалося».

Дзьмітры Люнтаў спадзяецца, што адміністрацыя ізалятару зьверне ўвагу на праблему і нарэшце зоймецца паляпшэньнем санітарнай сытуацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG