Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведныя службы: Пхэньян — на шляху да стварэньня ядзернай зброі, здольнай дасягнуць ЗША


Генэрал-лейтэнант Ст’юарт паведаміў заканадаўцам, што вайсковы патэнцыял КНДР усё яшчэ недастаткова магутны.

Высокапастаўлены прадстаўнік амэрыканскай выведкі папярэдзіў, што Паўночная Карэя — на шляху да стварэньня ядзернай зброі, здольнай паразіць ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У аўторак дырэктар Выведнага ўпраўленьня Міністэрства абароны ЗША генэрал-лейтэнант Вінцэнт Ст’юарт паведаміў заканадаўцам, што, нягледзячы на адставаньне ў распрацоўцы ядзерных ракет, Паўночная Карэя працягвае «вучыцца» на ядзерных і ракетных тэстах, якія праводзяцца ёю на працягу некалькіх апошніх гадоў.

«Калі разьвіцьцё працягнецца ў тым жа ключы, то ў канчатковым выніку (паўночнакарэйскаму) рэжыму ўдасца стварыць ядзерную ракету, здольную дасягнуць кантынэнтальных ЗША», — сказаў Ст’юрт на слуханьнях у Камітэце Сэнату па ўзброеных сілах.

Паводле Ст’юарта, «практычна немагчыма прадказаць», калі КНДР зможа стварыць зброю, здольную нанесьці ўдар па ЗША, аднак адзначыў, што распрацоўка такой ракеты Пхэньянскім рэжымам непазьбежная.

«Паўночная Карэя ўяўляе ўсё большую пагрозу нацыянальнай бясьпецы ЗША ў сувязі з узрастаньнем яе ядзернага і ракетнага патэнцыялу, а таксама агрэсіўнай палітыкай паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына», — паведаміў сябрам камітэту дырэктар Нацыянальнай выведкі Дэн Коўтс.

Коўтс адзначыў, што, згодна з унесенай у Канстытуцыю НДАР у 2012 годзе папраўкай, краіна абвясьціла сябе ядзернай дзяржавай. Гэта азначае, што рэжым не зьбіраецца адмаўляцца ад ядзернай зброі, якая можа быць распрацавана ў будучыні.

У аўторак Паўднёвая Карэя зрабіла шэраг папераджальных стрэлаў па нявызначаным аб’екце, які ляцеў на поўдзень з боку паўночнага суседа, паведамілі прадстаўнікі Сумеснага камандаваньня ПС у Паўднёвай Карэі. Гэта прывяло да ўзмацненьня напружанасьці на Карэйскім паўвостраве. Па аб’екце, які ляцеў, было зроблена больш за 90 стрэлаў, пакуль ён не схаваўся з радараў.

Папераджальныя стрэлы былі зроблены праз два дні пасьля таго, як Пхэньян зрабіў запуск балістычнай ракеты, які, на думку КНДР, прадэманстраваў посьпех краіны на шляху да распрацоўкі ядзернай боегалоўкі, здольнай паразіць цэлі ў ЗША.

Чарговае ракетнае выпрабаваньне ў нядзелю прайшло насуперак рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН і насуперак уведзеным санкцыям. Шэраг краінаў, уключаючы ЗША, Паўднёвую Карэю і Японію, асудзіў дзеяньні Паўночнай Карэі.

У аўторак на канфэрэнцыі ААН у пытаньнях раззбраеньня паўночнакарэйскі дыплямат заявіў, выпрабаваньні, што праводзяцца Пхэньянам, зьяўляюцца правамерным актам самаабароны, якi ажыцьцяўляецца «паўнавартаснай ядзернай дзяржавай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG