Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Лоева паскардзіліся Лукашэнку на бяздарную вэртыкаль


Лоеў
Лоеў

Жыхары райцэнтру Лоеў, што на Гомельшчыне, заклапочаныя эканамічным заняпадам свайго раёну, зьвярнуліся да Аляксандара Лукашэнкі з просьбай разабрацца, чаму раён на 90-м годзе свайго існаваньня апынуўся ў гаротным стане.

Свабода пагутарыла з ініцыятарам звароту, гісторыкам і краязнаўцам Мікалаем Анісаўцом, якому лоеўцы даручылі накіраваць сваё пасланьне.

— У жніўні раёну спаўняецца 90 гадоў, а ён у апошнія два з паловай дзесяцігодзьдзі як без стырна і ветразяў. Плыве па волі лёсу — ніякай выразнай пэрспэктывы. Паводле ўзроўню даходаў людзей раён замацаваўся ў тройцы самы «бедных» — з афіцыйным сярэднім заробкам 470,9 рубля. Рэальны заробак зьнізіўся летась у сьнежні ў параўнаньні з папярэднім годам на 5,2 адсотка.

Мікалай Анісавец
Мікалай Анісавец

Лоеўцы лічаць, што заняпад зьвязаны найперш з прызначэньнем на галоўную пасаду ў раёне бяздарных кіраўнікоў-тымчасоўцаў, якія ня здольныя вызначыць, як і за кошт чаго раён можа выжываць і разьвівацца.

— І якія аргумэнты гэта пацьвярджаюць?

— Раён у дэпрэсіўным стане, але, лічым, віны мясцовых жыхароў тут няма. За апошнія няпоўныя сем гадоў зьмянілася пяць старшыняў райвыканкаму. Прывозяць кожнага новага, як ката ў мяшку. Хто ён, што ён, зь якімі плянамі й праграмамі «ўсаджваюць» у крэсла раённага вэртыкальнага кіраўніка, пэўна, толькі Богу й вядома. І так чвэрць стагодзьдзя.

У выніку закрыліся даведзеныя да банкруцтва найважнейшыя для жыцьцядзейнасьці раёну прадпрыемствы — малаказавод, МПМК-104; шэсьць калгасаў і саўгасаў ператвораныя ў сем КСУПаў. Да райсельгастэхнікі далучылі райсельгасхімію, райсельэнэрга, райсельгасзабесьпячэньне — утварылі ААТ «Лоеўскі агратэхсэрвіс», значна скараціўшы пры гэтым колькасьць работнікаў.

Аўтапарк № 23, ДРСУ-206, раённыя вузлы паштовай і электрасувязі, гаргаз ператвораныя ва ўчасткі адпаведных прадпрыемстваў Рэчыцкага раёну. Філіяламі рэчыцкіх устаноў сталі ў апошні час раённае аддзяленьне «Беларусбанка» і «Аграпрамбанка», а таксама падатковая інспэкцыя і райваенкамат. Нават горадаўтваральнае прадпрыемства — Лоеўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, мадэрнізаваны ў 2008 годзе — перададзена ў Мазыр у якасьці філіялу ААТ «Палесьсебуд». Згаданыя так званыя «рэформы» падтрымлівала абласное кіраўніцтва, якое, як падаецца жыхарам Лоева, памылкова бачыць пэрспэктыву разьвіцьця раёну толькі праз узбуйненьне і канцэнтрацыю сродкаў вытворчасьці.

— Зьвяртаючыся да Лукашэнкі, ці прапаноўвалі вы нешта з таго, што мясцовая ўлада ня ўлічвае?

— Прапанавалі. Мяркуем, што побач з традыцыйнымі галінамі — сельскай і лясной гаспадаркамі — разьвіцьцё маюць атрымаць малы й сярэдні бізнэс. Важным прыярытэтам мусіць стаць раскрыцьцё вялікага турысцка- рэкрэацыйнага патэнцыялу Лоеўскага раёну, які цяпер амаль не выкарыстоўваецца. Прыгажэзныя мясьціны Сярэдняга Прыдняпроўя, багатая гісторыя гэтага краю маюць ствараюць пэрспэктыву раёну як нацыянальнаму беларускаму брэнду.

На гэта зьвярнуў увагу кіраўніцтва вобласьці выдатны гомельскі археоляг, доктар гістарычных навук Алег Макушнікаў, які называе Лоеўшчыну «пэрлінай беларускай, усходнеславянскай і эўрапейскай гісторыі». Існуе легенда пра заснаваньне паселішча купцом Лоем, аналягаў якой няма ні ў аднаго гораду Беларусі. Каля вёскі Мохаў блізу Лоева знаходзіцца выяўлены яшчэ ў XIX стагодзьдзі буйны курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі — звыш 600 пахаваньняў. У часы Вялікага Княства Літоўскага Лоеў выконваў, падобна Полацку, Горадні, Берасьцю, гандлёвыя і абарончыя функцыі, а тагачасны лоеўскі замак быў адначасна заслонай і брамай на паўднёва-ўсходнім напрамку княства. У ваколіцы ў 1649-м і 1651 гадах адбываліся лёсавызначальныя для ВКЛ бітвы, занатаваныя ў гістарычных крыніцах менавіта як Лоеўскія бітвы. Яшчэ раней, 3 жніўня 1576 году, кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Лоеву поўнае Магдэбурскае права — першаму з трох гарадоў цяперашняй Гомельшчыны.

Проста грэх не выкарыстоўваць усё гэта, калі дбаць пра разьвіцьцё раёну. Натуральна, мусіць быць адпаведная падрыхтоўка, інфраструктура. Не абысьціся ў гэтай справе без стварэньня скульптуры першазаснавальніка, легендарнага Лоя, якая мусіць стаяць на Лоевай гары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG