Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канах паказалі фільм пра вайну ў Данбасе


Frost movie - Official picture
Frost movie - Official picture

У пазаконкурснай праграме Канскага фэстывалю «Двухтыднёвік рэжысэраў», куды ўвайшлі сёлета новыя фільмы Абэля Фэрары, Філіпа Гарэля, Амоса Гітая, Бруно Дзюмона і Клер Дэні, адбылася прэм’ера новай карціны літоўскага рэжысэра Шарунаса Бартаса «Іней». Большая частка фільму зьнятая на Ўкраіне, экспэдыцыя працягвалася тры месяцы. Часам здымаць удавалася ў 200-300 мэтрах ад лініі фронту, аднойчы здымачная група нават трапіла пад абстрэл.

Галоўныя героі «Інею» — маладая пара Рокас і Інга, якія пагадзіліся адвезьці мікрааўтобус з гуманітрнай дапамогай украінскай арміі зь Вільні ў Кіеў. Яны ня вельмі добра сабе уяўляюць, што адбываюцца на Ўкраіне, Рокас нават удакладняе: «Там усё вайна?». Па прыбыцьці яны выяўляюць, што валянтэрскі пункт пераехаў, але нібы нейкая загадкавая сіла іх цягне далей. Яны едуць у бок Данецку, усё больш і больш набліжаючыся да фронту. Па шляху ім сустракаюць пакінутыя ў зоне баявых дзеяньняў мясцовыя жыхары і салдаты. У характэрнай для Шарунаса Бартаса сузіральнай прыпавесьці не так важныя матывацыі; разгубленыя Рокас і Інга — назіральнікі Гісторыі, якія адчуваюць сваё да яе дачыненьне, яны няздольныя самі гэта сфармуляваць, але ўважліва слухаюць тых, хто ім сустракаецца па дарозе. Мясцовыя жыхары, салдаты і валянтэры ігралі самі сябе. Толькі ў адной з другасных роляў занятая вядомая акторка Ванэса Парадзі, якая сыграла замежную журналістку.

Шарунас Бартас так тлумачыць задуму новай працы:

«Я даўно зразумеў, што магу здымаць фільмы толькі пра тое, што ведаю да драбнюткіх падрабязнасьцяў — тое, што я перажыў. „Іней“ — гэта фільм пра вайну, пра барацьбу за незалежнасьць. Яго дзеяньне адбываецца ў час вайны, аднак ваенныя дзеяньні ў кадры практычна адсутнічаюць. Мы бачым тое, што вайна пакідае за сабой, што ёй спадарожнічае, што яе акружае: пакінутыя людзьмі разбураныя паселішчы і гарады, старыя і дзеці, якім няма куды ісьці і якія больш ня хочуць адступаць. На працягу усяго дзяцінства я слухаў апавяданьні дзеда пра літоўскі партызанскі супраціў — пад канец Другой усясьветнай вайны вялікая частка літоўскага войска сышла ў лясы і пачала ўзброены супраціў савецкай акупацыі, які доўжыўся дзесяцігодзьдзе.

Я рос сярод людзей, якія верылі, што аднойчы Літва верне сабе незалежнасьць. Я ведаў, што аднойчы захачу пагаварыць пра гэта, зрабіць з гэтага фільм. Толькі я ня ведаў як. Калі Расея акупавала Крым, што прывяло да ўзброенага канфлікту і беспарадкаў ва Ўсходняй Украіне, і пасьля чатырох гадоў барацьбы ўкраінцаў за сувэрэнітэт і незалежнасьць я ўсьвядоміў, што змагу расказаць гісторыю, якая зноў адбываецца, галасамі тых людзей, хто усё яшчэ змагаецца за незалежнасьць і свабоду. Мне здаецца, што ў мяне атрымалася».

Шарунас Бартас — вядучы сучасны літоўскі рэжысэр. Ён скончыў ВГІК. У 1989 году Бартас стварыў першую ў краіне незалежную кінастудыю Studija Kinema. «Іней» (сумесная вытворчасьць Украіны, Літвы, Францыі, Польшчы) — ягоная дзявятая ігравая карціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG