Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастрычніцкі эканамічны форум ладзіць кансультацыі ўладаў, экспэртаў і бізнэсу ў рэгіёнах


Удзельнікі Гарадзенскай канфэрэнцыі ў межах рэгіянальных кансультацый Кастрычніцкага эканамічнага форуму KEF-2017
Удзельнікі Гарадзенскай канфэрэнцыі ў межах рэгіянальных кансультацый Кастрычніцкага эканамічнага форуму KEF-2017

Удзельнікі канфэрэнцыі «Вяртаньне да росту: пошук рашэньняў для рэгіянальнага разьвіцьця» кажуць, што на Гарадзеншчыне аднаўляецца эканоміка.

На пачатку канфэрэнцыі Аляксандар Чубрык прааналізаваў тэндэнцыі ў эканоміцы Беларусі і пэрспэктывы на 2017 год.

Ён заўважыў, што эканамічная сытуацыя ў краіне неадназначная, бо рэгіёны існуюць у сваім сьвеце, цэнтар — у сваім, і абодва бакі ня вельмі абазнаныя, што дзе адбываецца. А цяпер Міністэрства эканомікі пачынае распрацоўваць стратэгію рэгіянальнага разьвіцьця, і такія кансультацыі, як сёньняшняя, вельмі карысныя.

Паводле Чубрыка, нягледзячы на крызісны стан беларускай эканомікі, ён доўгі час шукаў пазытыў у працэсах, якія ў ёй адбываюцца. І прыйшоў да высновы, што ў сваім падзеньні эканоміка дасягнула дна і пачалося павольнае аднаўленьне. Свой погляд ён падмацаваў статыстычнымі дадзенымі.

Старшыня камітэту эканомікі Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Сьвірыдаў сказаў, што такая пляцоўка для абмеркаваньня эканамічных праблемаў зарэкамэндавала сябе добра. Цікава пачуць альтэрнатыўную думку аб праблемах эканомікі ад экспэртаў Дасьледчага цэнтру ІПМ:

«Што датычыць эканамічнай палітыкі ўладаў Гарадзеншчыны, яна ня моцна адрозьніваецца ад таго, што ёсьць у краіне, паколькі ўлада ў краіне моцна цэнтралізаваная і ў мясцовых уладаў насамрэч мала мэханізмаў, каб уплываць, асабліва ў межах макраэканомікі, на пэўныя зьмены і тэндэнцыі, якія існуюць у краіне. Тым ня менш мы маем свае пункты росту і свае кірункі».

Марына Бараўко з Эўрапейскай асацыяцыі бізнэсу
Марына Бараўко з Эўрапейскай асацыяцыі бізнэсу

Марына Бараўко з Эўрапейскай асацыяцыі бізнэсу зьвярнула ўвагу на тое, што цяпер ня толькі ў Беларусі, але і ўва ўсім сьвеце няпростая сытуацыя ў эканоміцы. Паводле яе, улады спрабуюць пытацца ў бізнэсу, што рабіць у тых ці іншых умовах.

Рэгіянальныя кансультацыі ў межах Кастрычніцкага эканамічнага форуму маюць на мэце, каб палітыка цэнтру адносна лякальных тэрыторый стала больш зразумелай і празрыстай:

«Вось паглядзіце, колькі пытаньняў ставяць прадпрымальнікі на месцах, ім патрэбныя кансультацыі і падтрымка. А таму варта стварыць пляцоўкі, каб абмяркоўваць у рэгіёнах, што робіцца ў нацыянальнай эканоміцы і як гэта адбіваецца на лякальным узроўні. Трэба зьбіраць зваротную сувязь наконт таго, як захады на цэнтральным узроўні рэзануюць на рэгіёнах, што трэба рабіць у такой сытуацыі. Бізнэс кажа, што яго ня чуюць, але сам не выкарыстоўвае такой пляцоўкі для дыялёгу», — кажа Марына Бараўко.

У кулюарах журналістаў найперш цікавіла сытуацыя з эканомікай на Гарадзеншчыне. Чубрык сказаў, што вобласьць прайшла 2016 год у эканамічным пляне лепей, чым іншыя рэгіёны, і па і тэмпах росту яна другая пасьля Менскай вобласьці. З 2016 году, кажа ён, у траціне раёнаў вобласьці пачалося аднаўленьне вытворчасьці і экспарту:

«Тым ня менш нават у тых рэгіёнах вобласьці, дзе назіраўся рост вытворчасьці ў 2016 годзе, падалі заробкі, і няма ніводнага раёну, апрача Астравецкага, дзе б сытуацыя паляпшалася. Атрымліваецца, што першы крок — аднаўленьне вытворчасьці — не пацягнуў пакуль за сабой падвышэньня ўзроўню жыцьця. Але цяпер праблема ўжо вырашаецца не на ўзроўні рэгіёну, а на ўзроўні краіны. Калі вырасьце ўнутраны попыт, тады малы бізнэс ізноў пачне ажываць, і праца зьявіцца ў малых гарадках і мястэчках».

Паводле Чубрыка, калі ў краіне пачаўся рост вытворчасьці, сытуацыя ў раёнах вобласьці стала выроўнівацца за кошт дзейнасьці малога бізнэсу. Але апошнім часам стала відавочна іншае:

«Тыя раёны, дзе раней сытуацыя была больш стабільная, значна лягчэй прайшлі крызіс, а ў слабейшых раёнах сытуацыя пачала пагаршацца. І гэта адбываецца ня толькі ў Гарадзенскай вобласьці, але ў цэлым па краіне.

Наагул ідэя такая: калі рэгіянальная палітыка распрацоўваецца на цэнтральным узроўні, ёсьць рызыка, што недастаткова будзе прынятая да ўвагі фактычная сытуацыя ў рэгіёнах. То бок трэба ўлічваць ня толькі тое, што некаму бачыцца з цэнтру», — кажа Аляксандар Чубрык.

Гарадзенская канфэрэнцыя адбываецца ў межах рэгіянальных кансультацый Кастрычніцкага эканамічнага форуму KEF-2017. Фінансаваў яе Эўрапейскі Зьвяз.

Наступная канфэрэнцыя ў межах рэгіянальных кансультацый Кастрычніцкага эканамічнага форуму KEF-2017 адбудзецца ў Берасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG