Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: «На гэтай сэсіі парлямэнту зьмены ў выбарчае заканадаўства разгледзець не пасьпеюць»


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына сказала Свабодзе, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не пасьпеюць на веснавой сэсіі прыняць зьмены і дапаўненьні ў Выбарчы кодэкс:

«Мы па-ранейшаму на тым жа сьвеце, што і былі раней. Яшчэ 1 лютага мы перадалі кіраўніку дзяржавы прапановы міжведамаснай працоўнай групы пры Цэнтравыбаркаме па зьмяненьні некаторых нормаў выбарчага заканадаўства. Тады мне сказалі, што прэзыдэнт правядзе вялікую нараду з удзелам прадстаўнікоў рэгіёнаў па абмеркаваньні гэтай праблемы. Аднак да сёньняшняга дня дата гэтага мерапрыемства не прызначаная. Я назіраю за графікам працы прэзыдэнта і бачу, што ў яго на першым пляне пытаньні эканамічныя і сацыяльныя. Пакуль я ня маю нават прыблізнай даты нашай нарады.

Нават калі яна і адбудзецца даволі хутка, ЦВК спатрэбіцца хоць бы месяц, каб падрыхтаваць неабходны праект дакумэнту. Пасьля яго павінны разглядзець у прэзыдэнцкай адміністрацыі, бо ў нас усе законапраекты, зьвязаныя з выбарамі, выносяцца ў Палату прадстаўнікоў выключна ад імя кіраўніка дзяржавы. Таму мая думка наступная: дакумэнт дэпутаты будуць абмяркоўваць і прымаць ужо на восеньскай сэсіі тэрмінова, у кастрычніку».

Лідзія Ярмошына таксама сказала, што міжведамасная працоўная група найперш зыходзіла з прапаноў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ:

Першымі ў нас пройдуць мясцовыя ў лютым 2018 году, таму і трэба пасьпець сёлета ўнесьці зьмены і абкатаць іх

«Прыкладна палову заўваг БДІПЧ мы спрабуем увесьці ў новае заканадаўства. Тут тры галоўныя рэчы: падлік галасоў, стварэньне выбарчых камісій і наглядная агітацыя. Гэтыя палажэньні будуць тычыцца выбараў усіх роўняў: прэзыдэнцкіх, парлямэнцкіх і мясцовых. Першымі ў нас пройдуць мясцовыя ў лютым 2018 году, таму і трэба пасьпець сёлета ўнесьці зьмены і абкатаць іх».

Я спытаў Лідзію Ярмошыну, чаму яна не перадала дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Ганьне Канапацкай праект зьменаў у выбарчае заканадаўства, хоць, паводле дэпутаткі, абяцала гэта зрабіць:

«Не, я такога ёй не абяцала. Я пазнаёмілася са спадарыняй Канапацкай толькі ў той дзень, калі кіраўнік дзяржавы выступаў са штогадовым пасланьнем у Авальнай залі. Мы зь ёй бачыліся хвілін пяць. І яна папрасіла ў мяне ні многа ні мала, а ліст міжведамаснай групы кіраўніку дзяржавы. На гэта я адказала, што мы не прадстаўляем трэцім асобам сваю службовую перапіску. А на наступны дзень я ўжо была ў адпачынку».

Свабода, натуральна, пацікавілася, дзе старшыня ЦВК адпачывала:

«Я правяла тыдзень у Гішпаніі. Мэта — выключна турызм, кожны дзень — новы горад. Мяне вельмі цікавіла гэтая краіна, якая так многа адкрыла для ўсяго сьвету. Для некаторых Гішпанія — гэта толькі Барсэлёна. А я пабывала і ў Валенсіі, і ў Гранадзе, і ў Сэвільлі...».

Пакуль Лукашэнка не знаходзіць часу для выбарчай нарады, дэмакратычныя сілы Беларусі — АГП, БХД, «Справядлівы сьвет», «Зялёныя», рух «За свабоду», Партыя свабоды і прагрэсу і жаночая партыя «Надзея» — 25 траўня правядуць у Менску круглы стол «Выбары як умова пазытыўных пераменаў» з удзелам дэпутатаў і экспэртаў Літвы і Ўкраіны.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Пытаньня пра зьмену выбарчага заканадаўства няма ў парадку дня сэсіі Палаты прадстаўнікоў, — кажа Свабодзе старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — Гэта азначае толькі адно: улада ня мае палітычнай волі вяртаць людзям права выбару. Ёсьць высокая верагоднасьць, што мясцовая выбарчая кампанія зноў пройдзе па лякалах папярэдніх кампаніяў.

АГП ужо атрымала заключэньне Міжнароднага інстытуту дэмакратыі і судзеяньня выбарам па ключавых прапановах, якія Канапацкая перадавала ў міжведамасную групу і ў адміністрацыю Лукашэнкі. Там тры галоўныя пункты: фармаваньне выбарчых камісій, рэглямэнтацыя датэрміновага галасаваньня і падлік галасоў. На гэтыя пункты мы і атрымалі заключэньне Міжнароднага інстытуту дэмакратыі і судзеяньня выбарам. Іхнюю рэцэнзію і самі зьмены мы і хочам абмеркаваць на круглым стале.

Вельмі важна ўжо цяпер гэтае пытаньне ўздымаць, бо такое ўражаньне, што ўлады яго хочуць проста «пераседзець».

Раней старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына казала Свабодзе, што прапанову апазыцыі скараціць тэрміны датэрміновага галасаваньня да двух дзён замест цяперашніх пяці ЦВК адхіліў.

Выбары дэпутатаў мясцовых саветаў пройдуць не пазьней за 20 лютага 2018 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG