Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыедзе Богдан Цывіньскі — адзін з заснавальнікаў «Салідарнасьці», сябра Яна Паўла ІІ


Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі «вяртаецца з эміграцыі» на тры дні ў траўні.

25 траўня ў будынку амбасады Літвы ў Беларусі пачне працу міжнародная канфэрэнцыя «Эвалюцыя ці дэвальвацыя: праблема дэмакратычнага парадку ва Ўсходняй Эўропе».

У межах форуму, арганізаванага Інстытутам палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра», заплянаваная публічная дыскусія пра тое, як успрымаць гісторыю краіны ў сучасным сьвеце.

Пра мэты і праграму трохдзённай канфэрэнцыі Свабодзе распавёў яе каардынатар — кандыдат сацыялягічных навук, супрацоўнік Інстытуту «Палітычная сфэра» Аляксей Ластоўскі.

Аляксей Ластоўскі
Аляксей Ластоўскі

«Звычайна мы штогод арганізуем кангрэс дасьледчыкаў Беларусі, які адбываецца па-за межамі краіны. Але лічым, што нарэшце трэба ажыўляць інтэлектуальнае жыцьцё і ў беларускай сталіцы, абмяркоўваць важныя тэмы, зьвязаныя з гісторыяй, палітыкай, рэгіянальным кантэкстам. Мы заўжды імкнёмся таксама запрашаць гасьцей зь іншых краінаў, стала супрацоўнічаем Польскім інстытутам у Менску, які дапамагае прывозіць экспэртаў з Польшчы. Таксама будуць прысутнічаць адмыслоўцы з Украіны, Расеі. Паколькі апошнім часам наш рэгіён імкліва зьмяняецца, трэба разумець кірунак гэтых зьменаў, адчуваць, што адбываецца ў суседзяў».

Спадар Ластоўскі разьлічвае, што ў рамках канфэрэнцыі вялікую цікавасьць павінна выклікаць публічная дыскусія. Яе мэтай — акрэсьліць месца малых краінаў у сучасным сьвеце:

«Апроч канфэрэнцыйных паседжаньняў, мы заўжды намагаемся дадаваць элемэнт публічных дыскусій. Напрыклад, сёлета будзе разгортвацца дыскусія, якая асноўнай тэмай вылучае наступны тэзіс — як пісаць гісторыю сваёй краіны ў сучасных умовах? Размова найперш пра тое, што цяпер ідзе моцны вонкавы палітычны ціск, пры якім малыя дзяржавы Эўропы небеспадстаўна баяцца за сваё існаваньне. Гэта вымушае падкрэсьліваць, нават выпінаць свой нацыянальны гонар. У сувязі з гэтым паўстае пытаньне: ці не дэфармуе гэта сутнасьць гісторыі як дысцыпліны? Паразважаць на такую тэму мы запрасілі выдатных спэцыялістаў, у іх ліку будзе і наш вядомы гісторык Валянцін Голубеў».

Як удакладніў суразмоўца, публічная дыскусія адбудзецца ў чацьвер, 25 траўня, а 18.30, у менскім гатэлі «Краўн плаза», іншыя паседжаньні прызначаныя на пятніцу і суботу, яны пройдуць у будынку амбасады Літвы.

«Магу прыадхінуць заслону, што ў Менску будзе такая вядомая постаць, як Богдан Цывіньскі — адзін з заснавальнікаў польскага руху „Салідарнасьць“, асабісты сябар Яна Паўла ІІ, адзін з найвыдатнейшых каталіцкіх інтэлектуалаў Польшчы. Лічым, што яго прыезд у Беларусь таксама зьяўляецца свайго роду падзеяй для інтэлектуальнага жыцьця нашай краіны. Апроч таго, запрошаныя палітолягі, сацыёлягі, гісторыкі з Польшчы, Літвы, прыедзе вядомы расейскі гісторык, які займаецца найперш расейска-амэрыканскімі дачыненьнямі, Іван Курыла. Расейская прысутнасьць, безумоўна, дадасьць жвавасьці нашай дыскусіі», — кажа Аляксей Ластоўскі.

Падрабязная праграма канфэрэнцыі

Сярод арганізатараў канфэрэнцыі таксама Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, Польскі Інстытут у Менску, «Беларускі калегіюм», Інстытут ВКЛ (Літва), Унівэрсытэт Вітаўта Вялікага (Літва), Інстытут гісторыі Літвы (Літва).

Тэматычныя блёкі для абмеркаваньня і дыскусій:

• Разьвіцьцё палітычных сыстэмаў Усходняй Эўропы: асноўныя тэндэнцыі і выклікі

• Папулізм, правы і левы радыкалізм, рэлігійны фундамэнталізм у сучаснай Эўропе

• Беларускі досьвед частковай дэмакратызацыі, лібэралізацыя пасьля 2014 году і яе пэрспэктывы

• Выклікі і пэрспэктывы дэмакратыі, сучасная дэмакратычная мадэль Польшчы, Літвы ды іншых усходнеэўрапейскіх краінаў ЭЗ

• Эўраінтэграцыя і дэмакратыя ў эпоху эўраскептыцызму: досьвед Малдовы, Украіны, Грузіі

• Аўтарытарныя і дэмакратычныя тэндэнцыі ў сучаснай Расеі

• Дэмакратыя, правы чалавека і зьмена прыярытэтаў Эўразьвязу, ЗША і міжнародных арганізацый

• Дэмакратыя і гістарычная палітыка, маніпуляваньне мінулым і памяцьцю ва Усходняй Эўропе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG