Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дракахруст: Сваю першую замежную паездку прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ажыцьцявіў у Савудаўскую Арабію. Усе прэзыдэнты з часоў Рональда Рэйгана выбіралі Мэксыку або Канаду для сваіх першых замежных візытаў.

Савудаўская Арабія — адзін з самых уплывовых саюзьнікаў ЗША на Блізкім Усходзе. Адначасова стан правоў чалавека ў гэтай краіне — надзвычай кепскі. У нядзелю ў сталіцу Савудаўскай Арабіі Эр-Рыяд для сустрэчы з амэрыканскім госьцем прыехалі лідэры краінаў Рады супрацоўніцтва арабскіх дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі.

У дамове, заключанай па выніках сустрэчы Трампа з кіраўнікамі Бахрэйну, Катару, Кувэйту, Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў, Аману і Савудаўскай Арабіі, пазначанае супольнае абавязаньне спыняць фінансаваньне тэрарызму, у тым ліку на індывідуальным узроўні.

Трамп абяцаў, што Амэрыка ня будзе спрабаваць навязаць свой лад жыцьця іншым, але працягне руку ў духу супрацоўніцтва і даверу.

Прэзыдэнт ЗША заявіў у Эр-Рыядзе, выступаючы перад лідэрамі мусульманскіх дзяржаваў, што ЗША імкнуцца да стварэньня «кааліцыі нацыяў» на Блізкім Усходзе з мэтай «выкараненьня экстрэмізму». «Гэта ня бітва паміж рознымі канфэсіямі, рознымі сэктамі, або рознымі цывілізацыямі, гэта бітва паміж барбарамі-злачынцамі і прыстойнымі людзьмі ўсіх рэлігіяў. Гэта бітва паміж дабром і злом», — сказаў прэзыдэнт ЗША. Краіны Блізкага Ўсходу ня могуць чакаць, пакуль Амэрыка прыйдзе і выкараніць гэтае зло, падкрэсьліў Трамп.

«Вы павінны зрабіць выбар самі ў імя лепшай будучыні, і будзе лепш за ўсё, калі краіны Блізкага Ўсходу самі зьнішчаць тэрарыстаў. Выганіце іх са сваіх краінаў, выганіце іх са сваёй Сьвятой зямлі», — заклікаў Трамп.

Ён вельмі рэзка і крытычна выказаўся адносна палітыкі Ірану ў рэгіёне, ён скрытыкаваў Тэгеран за падтрымку прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, заявіўшы, што гэтая падтрымка дазволіла Асаду ўчыніць «агідныя злачынствы» на працягу шасьці гадоў грамадзянскай вайны ў Сырыі.

Прэзыдэнт ЗША абвінаваціў Іран у фінансаваньні, узбраеньні і навучаньні шыіцкіх баевікоў, якія распаўсюджваюць «разбурэньне і хаос» у рэгіёне. «Да таго часу, пакуль іранскі рэжым не жадае быць партнэрам для сьвету, усе народы добрай волі павінны працаваць разам, каб ізаляваць яго», — дадаў Трамп.

Варта прыгадаць, што падчас леташняй выбарчай кампаніі Трамп нярэдка дапускаў выказваньні, якія можна было трактаваць, як антыісламскія, ён рэзка выступаў супраць іміграцыі ў ЗША мусульманаў, ужо падчас свайго прэзыдэнцтва Трамп увёў часовую забарону на ўезд у ЗША грамадзянаў 6 ісламскіх краінаў. Першая замежная паездка менавіта ў такую дзяржаву, добрыя словы, сказаныя лідэрам ісламскіх дзяржаваў — сыгнал, што прэзыдэнт ЗША — зусім ня вораг ісламу, што ён вораг тэрарызму.

Бадай што пераважную частку таго, што казаў Трамп у Эр-Рыядзе, казалі і яго папярэднікі ў Белым доме, у тым ліку і Барак Абама. Адрознасьці — хіба што ў акцэнце на тым, што краіны рэгіёну павінны найперш змагацца з тэрарызмам у сябе дома, прыкладаць да гэтага высілкі, перакрываць каналы фінансаваньня тэрору. Як патлумачылі прадстаўнікі адміністрацыі ЗША, пагадненьне, падпісанае ў Эр-Рыядзе, наконт барацьбы зь фінансаваньнем тэрарызму, прадугледжвае і санкцыі за іх невыкананьне. Падыход Трампа да гэтай праблемы ў нечым падобны на яго падыход да NATO — калі вы хочаце падтрымкі ЗША, зрабіце і свой унёсак, аплаціце сваю долю.

Пытаньне ў тым, ці здолее Трамп прымусіць партнэраў Амэрыкі на Блізкім Усходзе выконваць абавязаньні, якія яны бяруць на сябе.

Карбалевіч: Сапраўды, першая паездка Трампа на Блізкі Ўсход да ісламскіх краінаў прызваная змікшыраваць ягоныя спрэчныя выказваньні наконт мусульманаў падчас выбарчай кампаніі.

Другі момант. Трамп крытыкаваў Абаму за няздольнасьць зьнішчыць «Ісламскую дзяржаву». Вось цяпер яму трэба неяк паказаць, як ён будзе гэта рабіць больш рашуча.

Увогуле ўзьнікла цікавая сытуацыя. ЗША ачольвае кааліцыю суніцкіх дзяржаваў, а Расея фактычна ўступіла ў саюз з шыітамі: Іран, Ірак, Сырыя. Такога падзелу не было у часы існаваньня СССР.

Трамп абрынўўся на Іран. Але Іран зацята змагаецца з «Ісламскай дзяржавай», якую стварылі суніты. І да рэжыму Асада у Сырыі адміністрацыя Трампа ставіцца даволі варожа.

То бок, падаецца, ЗША больш дакладна трэба выбудоўваць свае прыярытэты. Стаўка на кааліцыю на чале з Саудаўскай Аравіяй — гэта зразумела. А хто галоўны праціўнік на Блізкім Усходзе: «Ісламская дзяржава», Іран або Расея? Здаецца, дакладнага адказу няма.

Цыганкоў: Візыт Трампа меў на мэце залагодзіць тыя супярэчнасьці, якія ўзьніклі пасьля яго неадназначных выказваньняў як падчас выбарчай кампаніі, гэтак і ўжо на пасадзе прэзыдэнта ЗША. Дональд Трамп у сваёй прамове, выглядала, хацеў як мага больш пераканаўча давесьці слухачам, што няма ніякай вайны цывілізацыяў, ЗША супраць ісламу, а ідзе вайна паміж цывілізацый і барбарствам.

Сапраўды, шмат прыязнага было сказана тым лідэрам, якія яго слухалі, пра тое, што ЗША не зьбіраюцца накідаць ім свой лад жыцьця. Гэта можна ўспрымаць як канчатковую адмову ад практыкі «каляровых рэвалюцый», якія былі падтрыманыя ЗША, калі адбывалася «арабская вясна». Цяпер Трамп імкнуўся супакоіць гэтых лідэраў, а там былі ня толькі лідэры арабскага ўсходу, а і кіраўнікі Азэрбайджану, некаторых афрыканскіх краінаў. Трамп запэўніў іх, што Амэрыка ня будзе ўмешвацца ў іх унутраныя справы. Гэта, дарэчы, даказваў і той практычны крок, які зрабіў Дональд Трамп падчас візыту — падпісаньне пагадненьня аб продажы зброі на суму звыш 100 мільярдаў даляраў.

І сапраўды, адзіны, каго ён крытыкаваў у сваёй прамове, быў Іран. Амэрыка ўжо вызначылася, каго яна выбірае — менавіта кааліцыю суніцкіх дзяржаваў на чале з Савудаўскай Арабіяй, і Ізраіль, які таксама ў іранскім пытаньні знаходзіцца ў саюзьніках гэтай кааліцыі. Памятаю, як прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу казаў, што ці не ўпершыню ў жыцьці арабы і габрэі выступілі супольным фронтам супраць іранскай ядзернай дамовы.

Выглядае, што Трамп будзе імкнуцца перагледзець гэтую дамову ў той або іншай ступені. Так што прыярытэты расстаўленыя. Ну і, магчыма, працяг візыту Трампа ў Ізраіль дасьць канчаткова пэўныя адказы на пытаньне, як будзе выглядаць палітыка новай адміністрацыі на Блізкім Усходзе.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG