Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь думае пра Пуціна


China -- Russia's President Vladimir Putin attends a summit at the Belt and Road Forum in Beijing, May 15, 2017
China -- Russia's President Vladimir Putin attends a summit at the Belt and Road Forum in Beijing, May 15, 2017

Цыганкоў: Нядаўна былі апублікаваныя вынікі красавіцкага дасьледаваньня Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ) сацыёляга Андрэя Вардамацкага. Паводле гэтага апытаньня, 65,7% апытаных заявілі, што станоўча ставяцца да расійскага лідэра, 20,4% — нэўтральна, і амаль 11% — адмоўна. Іншыя замежныя палітыкі — Дональд Трамп і Ангела Мэркэль — што да палітычных сымпатыяў беларусаў знаходзяцца ў зусім іншай, другой, лізе.

Аднак рэкорды па адмоўных паказчыках б’е беларускі рэйтынг прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Станоўча да Парашэнкі ставяцца 2,4% беларусаў, адмоўна — 68,7%, нэўтральна — 22,8%.

Зрэшты, для тых, хто знаёмы з поглядамі большасьці беларускага грамадзтва, гэтыя дадзеныя ня стануць шокам. Высокі рэйтынг у Пуціна даўно. Яго можна параўнаць з рэйтынгам Аляксандра Лукашэнкі. Тут ёсьць некаторыя асаблівасьці, бо з чэрвеня 2016 году гэткія апытаньні ў Беларусі не праводзяцца, бо ўлады выціснулі з краіны НІСЭПД, які праводзіў такія апытаньні, і не дазволілі іх праводзіць іншым сацыялягічным службам. Але ў чэрвені 2016 году рэйтынг Лукашэнкі быў 29,5% і дэманстраваў падзеньне апошнімі гадамі. Няма ніякіх падстаў лічыць, што рэйтынг Лукашэнкі значна павялічыўся за гэты час, так што возьмем сярэднюю лічбу, што Лукашэнка — 30%, а Пуцін — 60%.

Рэкордна нізкі рэйтынг прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, напэўна, тлумачыцца тым, што ў ягонай асобе факусуецца ўсё самае няправільнае для большасьці беларусаў — бардак, як яны успрымаюць украінскую сытуацыю, плюс Парашэнка — алігарх, што многім беларусам не падабаецца.

Чэрвеньскае 2016 году апытаньне НІСЭПД паказала, як беларусы ацэньваюць сусьветных лідэраў. На першым месцы ўжо тады трывала атабарыўся Пуцін з 60 адсоткамі, а далей — прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, старшыня КНР Сі Цзіньпін, прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і тады заняў апошняе месца: станоўча да яго ставіліся 10 адсоткаў, а адмоўна — 67 адсоткаў.

Падобна на тое, што беларусы наогул ня вельмі любяць дэмакратычна абраных палітыкаў. Беларусы любяць моцную руку, стабільнасьць і парадак — і лідэраў, якія адлюстроўваюць гэтыя якасьці. Нельга забываць і пра непадзельнае дамінаваньне ў Беларусі расейскіх тэлеканалаў.

Можна толькі меркаваць, які дыскамфорт адчувае Аляксандр Лукашэнка, ведаючы пра такі рэйтынг Пуціна. І гэта на самой справе вельмі небясьпечны стан грамадзкай думкі, гэта праблема ня толькі для Аляксандра Лукашэнкі, але і для беларускай праэўрапейскай пэрспэктывы — той вобраз, які беларусы выбіраюць. Застаецца спадзявацца, што гэты вобраз у пэўную гадзіну Х не ператворыцца ў трагедыю для беларускай незалежнасьці. Бо прарасейская арыентаванасьць насельніцтва Крыму і Данбасу і прывяла да вядомых наступстваў.

Дракахруст: Я хачу запярэчыць нават пытаньню, якое вы сфармулявалі — чаму Пуцін — самы папулярны палітык у Беларусі? Папулярнасьць Лукашэнкі, прынамсі ў гэтым дасьледаваньні, проста не вымяралася. Так што гэта чорная скрыня — з аднаго боку.

З другога боку, вы параўноўваеце цяперашнія дадзеныя адносна Пуціна з дадзенымі гадавой даўніны адносна рэйтынгу Лукашэнкі, калі там было 29%, а цяпер у Пуціна 66%. 29% — гэта быў электаральны рэйтынг, адказы на пытаньне, за каго вы будзеце галасаваць на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. І вось 29% упісалі Лукашэнку. А адносна Пуціна было проста пытаньне: як вы ставіцеся да гэтага палітыка? Станоўча — адмоўна. Ну, па шчырасьці, станоўчае стаўленьне і жаданьне таго або іншага пэрсанажа бачыць на пасадзе прэзыдэнта — гэта крышачку розныя рэчы.

Я прыгадваю, што ў мінулыя гады, калі задавалася пытаньне сувымернае, кшталту хто для вас ідэал палітыка, то там быў і Лукашэнка, і Пуцін, бывала Пуцін вышэй, бывала Лукашэнка, але разрыў быў не ў разы.

Цікавая асаблівасьць красавіцкага апытаньня БАМ — узгодненасьць ацэнак Пуціна зь іншымі паказьнікамі стаўленьня да Расеі і яе палітыкі. За Пуціна — 66%, пры выбары паміж саюзам з Расеяй і сяброўствам Беларусі ў ЭЗ — 65% за саюз Расеяй. За тое, што расейцы правільна забралі Крым — ізноў за дзьве траціны. Так што вось такі рэйтынг Пуціна — гэта ня столькі рэйтынг яго асабіста, гэта рэйтынг Расеі ў вачах беларусаў.

Ну і яшчэ адна цікавая рэч, якая была і ў мінулыя гады, на якую вы, Віталь, зьвярнулі ўвагу — што рэйтынг Мэркель вышэйшы за рэйтынг Парашэнкі, хоць здавалася б, шлях Украіны больш блізкі да Беларусі. Беларусь, можа, пойдзе ў Эўропу іншым шляхам, чым Украіна, але ёй яшчэ ісьці, калі захоча. Мэркель кіруе краінай, яка ўжо ёсьць Эўропа. Тыя, хто ідзе туды, ацэньваюцца горш, чым тыя, хто ўласна і ёсьць. І тут таксама можна ўбачыць пэўную адпаведнасьць. За Мэркэль — 10%, а тых, хто за інтэграцыю Беларусі ў Эўропу — 15%. То бок і тут ёсьць пэўная сувымернасьць.

Цыганкоў: Усё ж нельга цалкам атаясамліваць рэйтынг Пуціна і Расеі. Бо калі б у Расеі быў іншы прэзыдэнт, напрыклад, рэйтынг Ельцына, дэмакратычнага прэзыдэнта, сярод Беларусаў быў меншы, чым цяперашні рэйтынг Пуціна. Беларусы менавіта любяць ня толькі Расею, а канкрэтныя палітычныя якасьці Пуціна, як яны ўяўляюць іх.

Карбалевіч: Рэйтынг Парашэнкі невысокі і ў самой Украіне. Апошнія дадзеныя, якія я бачыў — каля 10% яго падтрымка.

Безумоўна, рэйтынг Пуціна — гэта вынік мэдыйнага эфэкту, вынік дамінаваньня ў беларускай інфармацыйнай прасторы расейскіх тэлеканалаў. Ён прыкладна адпавядае ўзроўню падтрымкі Расеі ў яе канфлікце з Захадам і Ўкраінай. Гэта факт, што карціна сьвету большасьці беларусаў фармуецца расейскімі тэлеканаламі. І гэтая карціна супадае з уяўленьнямі пра сьвет сярэдняга беларуса.

У беларускім грамадзкім жыцьці існуе такая заканамернасьць: чым больш падае рэйтынг Лукашэнкі, тым больш расьце рэйтынг Пуціна. Бо у масавай сьвядомасьці існуе запыт на моцнага лідэра. А тое, што рэйтынг Лукашэнкі гэтай вясной упаў — гэта, на мой погляд, безумоўны факт, хоць і няма пацьверджаньняў сацыялёгіі.

А праблема ў тым, што ў сьвядомасьці беларусаў моцны лідэр ня можа быць у дэмакратычнай краіне. Там на яго абрынаецца вал крытыкі ўнутры краіны, паглядзіце на Трампа. А Пуціна на расейскіх тэлеканалах ніхто не крытыкуе. Адмоўныя ацэнкі Пуціна на Захадзе даходзяць да беларускай публікі нейкімі адгалоскамі. Але гэты антывобраз толькі умацоўвае вобраз. Маўляў, калі яго крытыкуюць, значыць баяцца, значыць ён моцны.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG