Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстрэлы сьвятароў — на абразах у горадзенскім праваслаўным храме

Пакроўскі катэдральны сабор у Горадні
Пакроўскі катэдральны сабор у Горадні

У Пакроўскім катэдральным саборы ў Горадні дзесяць незвычайных абразоў. На іх — сцэны забойстваў прадстаўнікамі савецкай улады праваслаўных сьвятароў.

Настаяцель храма а. Георгі Рой зазначае: «Цяпер, калі наш горад стаў бязьвізавым (паездкі на пяць дзён у Горадню і на Аўгустоўскі канал), я назіраю, як прыходзяць людзі з замежжа і зьвяртаюць увагу менавіта на гэтыя абразы. Яны пытаюцца пра тых сьвятых, якія на выявах. Сапраўды цікавасьць да іх вялікая».

Унікальныя абразы

Айцец Георгі кажа, што ў Беларусі больш нідзе няма такіх абразоў. У Расеі ёсьць толькі «першаўзор» — агульная ікона, прысьвечаная навамучанікам. Яна знаходзіцца ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве. Ён заўважае: «Але каб асобныя абразы ды са сцэнамі забойства, іхнай пакутніцкай сьмерці, то такога, я думаю, і ў Расеі, і ва Ўкраіне няма. Гэта ўнікальны іконаграфічны рад».

Патрыярх Ціхан. Адзін час зьяўляўся архіяпіскапам Віленскім (1914-1917). Змагаўся за правы царквы пры савецкай уладзе, зьведаў ціск з боку бальшавікоў. Памёр у 1925 годзе. Быў кананізаваны
Патрыярх Ціхан. Адзін час зьяўляўся архіяпіскапам Віленскім (1914-1917). Змагаўся за правы царквы пры савецкай уладзе, зьведаў ціск з боку бальшавікоў. Памёр у 1925 годзе. Быў кананізаваны

Іконы навамучанікаў у катэдральным Пакроўскім саборы зьявіліся ў 2006 годзе, тады завяршаўся рамонт храма, цэнтральнага нэфа. Іх замовілі напісаць у Елісавецінскім манастыры ў Менску ў іканапісца Антона Дайнекі. Гэта адзін з найлепшых майстроў, зазначае Георгій Рой:

«І было ўжо вырашана, што яны будуць вісець на калёнах у саборы. Ідэя, у першую чаргу, належала нашаму ўладыку, архіяпіскапу Горадзенскаму і Ваўкавыскаму Арцемію. Яе горача падтрымаў былы настаяцель айцец Генадзь Яблонскі. І гэта было іх агульнае рашэньне. Абразы былі замоўленыя. Сама задача напісаньня была вельмі няпростай».

Мітрапаліт Веньямін Казанскі. Быў расстраляны ў 1922 годзе
Мітрапаліт Веньямін Казанскі. Быў расстраляны ў 1922 годзе

Чаму? У чым была навізна горадзенскіх абразоў? Настаяцель тлумачыць:

«У 2000 годзе былі праслаўленыя ў ліку сьвятых гэтыя навамучанікі, і была зробленая агульная ікона (якая знаходзіцца ў Маскве ў храме Хрыста Збаўцы), на ёй былі так званыя „клеймы“, невялічкія абразы па яе баках. Частка тых, што цяпер у саборы, гэта павялічаныя копіі тых „клеймаў“. Некаторыя майстру давялося распрацоўваць самастойна. Таму што наш уладыка хацеў, каб тут былі выявы і беларускіх навамучанікаў, чыё жыцьцё было зьвязанае зь Беларусьсю, са служэньнем Беларускай праваслаўнай царкве. Гэтыя іканапісныя вобразы неабходна было распрацаваць у пэўным стылі, каб іконы адпавядалі адна адной. Майстар выканаў гэтую задачу дасканала. Гэта, у прыватнасьці, абраз сьвяшчэннамучаніка Серафіма Жыровіцкага, Іаана Пашына, япіскапа Мазырскага і яшчэ некаторых».

Мітрапаліт Кіеўскі Ўладзімір. Расстраляны ў 1918 годзе
Мітрапаліт Кіеўскі Ўладзімір. Расстраляны ў 1918 годзе

Чырвонаармейцы-каты

Калі яны зьявіліся ў саборы, то першай рэакцыяй, як распавядаюць людзі, было зьдзіўленьне. Таму што іконы надта рэалістычныя, апавядае Георгій Рой:

«Мы бачым ня толькі сьвятых, але й людзей, якія іх забівалі. Мы лёгка пазнаем вобразы чырвонаармейцаў, энкавэдыстаў, якія й ажыцьцяўлялі рэпрэсіі супраць вернікаў, сьвятароў і ўвогуле супраць грамадзян краіны. Былі сумневы ў некаторых, ці дапушчальна гэта — выяўляць на абразах катаў? Але калі мы зьвернемся да гісторыі іканапісу, то ўбачым, што такая традыцыя існавала са старажытных часоў, з часоў Бізантыі. Ёсьць цэлы шэраг абразоў, на якіх выяўляліся ня толькі сьвятыя, але і сілы зла, сілы цемры, што спакушалі іх. Ці, калі гэта выпадак мучанікаў, — каты, якія забівалі сьвятых».

Япіскап Пятро Палянскі, былы працаўнік Жыровіцкага духоўнага вучылішча. Быў арыштаваны ў 1925 годзе. Расстралялі ў 1937-м пасьля дванаццаці гадоў зьняволеньня і ссылкі.
Япіскап Пятро Палянскі, былы працаўнік Жыровіцкага духоўнага вучылішча. Быў арыштаваны ў 1925 годзе. Расстралялі ў 1937-м пасьля дванаццаці гадоў зьняволеньня і ссылкі.

Вельмі важнай была пазыцыя кіраўніцтва эпархіі. У пэўным сэнсе выхаваўчая. Людзей прывучылі, што калі гэта салдат з чырвонай зоркай на шапцы, камісар у скуранцы — значыць, пэрсанажы выключана станоўчыя. Перагляду савецкай гісторыі ў Беларусі не адбылося. І калі чэкісты забіваюць сьвятароў і такія выявы вісяць у храме, для многіх людзей гэта своеасаблівы сьветапоглядны шок. Настаяцель катэдральнага сабору працягвае:

Архіяпіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі Паўлін. На магілёўскую катэдру быў прызначаны ў 1933 годзе. Праз тры гады быў зьняволены ў мясцовай турме, затым пераведзены ў менскую. Пасьля турмы трапіў у канцлягер. Быў расстраляны 3 лістапада 1937 году

«Іконы спачатку маглі здацца незвычайнымі. Магчыма, кагосьці такая іканаграфія зьдзіўляла. Але ў пропаведзях япіскапа і сьвятароў тэма новапакутнікаў падымалася і падымаецца рэгулярна. У нашым богаслужбовым календары ці ня кожны дзень памяць таго ці іншага сьвятара, манаха, верніка, якія загінулі ад рук камуністаў. Навамучанікі, іхнае жыцьцё і сьведчаньне Хрыстовай праўды і чалавечай годнасьці, іхная сьмерць — гэта ўсё тое, што нам варта і трэба асэнсоўваць. Чаму здарылася такая трагедыя ў гісторыі народу? Чаму ўзьнікла такая агрэсіўная багаборніцкая ідэалёгія? Як захаваць сваю веру і сумленьне перад абліччам пакут і сьмерці? Зьяўленьне вобразаў новапакутнікаў у нашым саборы стала нейкім імпульсам для больш глыбокага пошуку адказаў на гэтыя пытаньні. Абразы ўжо больш за дзесяць гадоў знаходзяцца ў храме, і ўжо склалася традыцыя шчырага шанаваньня прыхаджанамі сабору тых сьвятых, чые выявы на абразах. Гэтыя іконы сталі ўжо намоленымі».

Архіяпіскап Рыскі Іаан. У 1912 годзе быў прызначаны эпіскапам Слуцкім. У 1934 годзе быў жыўцом спалены на дачы
Архіяпіскап Рыскі Іаан. У 1912 годзе быў прызначаны эпіскапам Слуцкім. У 1934 годзе быў жыўцом спалены на дачы

І варта яшчэ падкрэсьліць, працягвае ён:

«Подзьвіг навамучанікаў не павінен успрымацца абстрактна. Мы дакладна павінны разумець, чаму гэтая трагедыя здарылася, чаму пралілася кроў гэтых людзей, за абарону якіх перакананьняў яны пайшлі на сьмерць, у канфлікце з якой ідэалёгіяй здарылася гэтая трагедыя. Іхны подзьвіг і іхныя вобразы — гэта напамін усім нам, каб мы, наша сучаснае грамадзтва, не рабіла тых памылак, якія былі зроблены нашымі папярэднікамі, каб мы, памятаючы пра гэтую трагедыю, рабілі правільныя высновы і маглі пазьбягаць той бяды, якая заўсёды можа здарыцца ў любым грамадзтве, і нашае не выключэньне. У гэтым, думаецца, была асноўная ідэя».

Япіскап Табольскі Гермаген. За выкрыцьцё Распуціна быў сасланы з Петраграду ў Жыровіцкі манастыр. У 1917-м атрымаў катэдру ў Табольску. У 1918-м быў утоплены ў рацэ Тура, скінуты бальшавікамі з параходу «Ака»

Архіяпіскап Астраханскі Мітрафан. Рэктар Магілёўскай духоўнай сэмінарыі (з 1902-га). Япіскап Гомельскі (1907). Удзельнічаў у пераносе мошчаў Эўфрасіньні Полацкай з Кіева ў Полацк (1910). Япіскап Менскі і Тураўскі (1912). Дбаў пра ўшанаваньне памяці беларускіх сьвятых. Быў пераведзены ў Астрахань, дзе загінуў у час хрэснага ходу (1919)

Япіскап Мазырскі Іаан. Нарадзіўся ў Петрыкаве ў сям’і сьвятара. Закончыў Менскую духоўную сэмінарыю. Пачаў службу ў Менскай эпархіі. Япіскап Мазырскі (1923). Служыў у Лоеве. Затым быў арышт, высылка. Новы арышт у 1932-м і прысуд — дзесяць гадоў канцлягераў, дзе загінуў

Архімандрыт Жыровіцкі Серафім. Нарадзіўся на Палесьсі. Паступіў у Жыровіцкі манастыр (1922), стаў гераманахам. У 1941-м разам з паплечнікам герэем Рыгорам Кударэнкам накіраваўся ва ўсходнюю частку Беларусі, каб адкрываць закрытыя бальшавікамі храмы. У 1944 годзе быў арыштаваны і загінуў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG