Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы паедуць у Эўропу бязь візаў праз 20 дзён


У Афіцыйным часопісе Эўрапейскага зьвязу 22 траўня апублікаваны заканадаўчы акт, якім для грамадзян Украіны ад 11 чэрвеня ўводзіцца бязьвізавы рэжым. Згодна з дакумэнтам, Украіна выдаленая са сьпісу краін, грамадзяне якой павінны мець візу для перасячэньня мяжы, і ўнесена ў сьпіс краін, на грамадзян якіх гэтае патрабаваньне не распаўсюджваецца.

Рашэньне аб увядзеньні бязьвізавага рэжыму паміж ЭЗ і Украінай уступіць у сілу праз 20 дзён пасьля апублікаваньня.

Рада міністраў Эўразьвязу 11 траўня прыняла канчатковае рашэньне аб прадстаўленьні Ўкраіне бязьвізавага рэжыму. 17 траўня адбылася цырымонія падпісаньня рашэньня, пасьля чаго заканадаўчы акт павінен быў быць абнародаваны ў афіцыйным часопісе ЭЗ.

Пагадненьне аб лібэралізацыі візавага рэжыму будзе распаўсюджвацца на ўсе краіны ЭЗ, акрамя Вялікабрытаніі і Ірляндыі, а таксама дзейнічаць у краінах шэнгенскай прасторы, якія не ўваходзяць у ЭЗ: Нарвэгіі, Ісьляндыі, Ліхтэнштэйне і Швайцарыі. Для бязьвізавых паездак грамадзянам Украіны неабходна атрымаць біямэтрычны пашпарт.

XS
SM
MD
LG