Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бялевіч Яфім Яфімаў. Нарадзіўся 15.02.1888 г. у Менску. Памёр 13.12.1942 г. у г. Магадан (Расея). Месца пахаваньня невядомае.

Калі 8.06.1924 праходзіў апошні зьезд Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, Я. Бялевіч занатаваў, што яму споўнілася 35 гадоў. Таму паўстае пытаньне: у якім годзе насамрэч ён нарадзіўся? Паходзіў жа Бялевіч, як мы чытаем у матэрыялах таго самага зьезду, зь мяшчан г. Менску. Вучыўся ў Менскай дзяржаўнай мужчынскай гімназіі. Узяў удзел у вучнёўскіх беспарадках, за што быў выключаны і на кароткі час арыштаваны, але не пазбаўлены права здаць іспыты на атэстат сталасьці экстэрнам. Атрымаўшы атэстат, паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту і ў 1912 атрымаў дыплём. У 1914 Бялевіча мабілізавалі ў войска. Як піша гісторык А. Латышонак, вакол капітана Бялевіча склалася група вайскоўцаў, якая пачала дзейнічаць у напрамку стварэньня беларускага вайсковага руху. Можна прачытаць таксама, што Бялевіч быў сябрам Беларускай Цэнтральнай Вайсковай Рады і ўдзельнікам Усебеларускага Зьезду. Пакуль што нельга з дакладнасьцю сказаць, хто дэлегаваў яго ў скад Рады БНР, але можна канстатаваць, што радным ён стаў да 12.04.1918. Пэўна, з самага першага дня яе існаваньня.

Бялевіч быў у ліку сябраў першага Ўраду Беларусі. 21.02.1918 яго прызначылі народным сакратаром юстыцыі. Але да 27.04 ён выйшаў з Народнага Сакратарыяту. Прычынай такога кроку была тэлеграма, накіраваная дзеячамі БНР кайзэру Нямеччыны Вільгельму ІІ. Выйшаў Бялевіч і з Рады БНР, але пазьней ён вярнуў сабе статус раднага.

Што тычыцца партыйнасьці Бялевіча, дык у справаздачы з пасяджэньня Рады за 12.04 зафіксавана, што ён сацыяліст-інтэрнацыяналіст, а ў часопісе «Чырвоны Шлях», што ў 1918 выходзіў у Петраградзе, ён названы левым сацыялістам-рэвалюцыянэрам. Можна прачытаць таксама, што ў 1918–1919 Бялевіч быў сябрам Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў. Пэўна, да БПС-Ф ён далучыўся тады, калі гэтая партыя паўстала: у ліп. 1918. Сацыялістам-рэвалюцыянэрам ён стаў у 1919. І гэта зафіксавана ў матэрыялах апошняга зьезду БПС-Р. З дакумэнтаў можна даведацца, што ў чэрв. 1918 Народны Сакратарыят накіроўваў яго ў Петраград, Маскву, Віцебск і Смаленск для ўрэгулявання бежанскага пытаньня. У ліп. 1918 ён быў адным з заснавальнікаў Беларускага культурна-асьветнага таварыства «Прасьвета» (пазьней прыняло назву «Бацькаўшчына»). Іншая яго актыўнасьць у гэтым годзе не прасочваецца. Пэўна, гэта можна патлумачыць і сямейнымі абставінамі: у 1918 у Бялевіча памерлі брат і маці.

Да актыўнай палітычнай дзейнасьці Бялевіч вярнуўся у канцы 1918 — на пачатку 1919. У сярэдзіне студз. ён як прадстаўнік БПС-Ф выехаў у Адэсу і дапамог тамтэйшым беларусам выкрыць А. Бахановіча. У «расстрэльным спісе», складзеным «органамі» ў 1924, зафіксавана, што Бялевіч быў сябрам Беларускай Рады ў Адэсе. Насамрэч ён уваходзіў у тамтэйшы Беларускі Нацыянальны Цэнтар. Едучы праз Румынію, Сэрбію, Угоршчыну, Чэхію і Польшчу ў Горадзен, у Варшаве ён дапамог выкрыць яшчэ аднаго палітычнага авантурыста — К. Цьвірку-Гадыцкага.

З Горадна Бялевіч выехаў у Бэрлін. 6.04.1919 ён як сябар Рады БНР дакладваў на пасяджэнні Рады Народных Міністраў пра авантуру Бахановіча. На пачатку чэрв. ён быў у Коўне. 3.06.1919 Рада Міністраў накіравала яго разам з П. Крачэўскім (старшыня дэлегацыі), Т. Грыбам і К. Цярэшчанкам у Вільню — на Беларускі Зьезд Віленшчыны і Горадзеншчыны, каб «у корні спыніць усякія магчымыя падтасоўкі беларускай грамадзкай думкі польскай эндэцыей і яе агентамі ў справе прылучэньня Беларусі да Польшчы». Пасьля пасьпяховага выкананьня місіі Бялевіч прысутнічаў 27.06.1919 у Бэрліне на пасяджэньні Рады Міністраў, на якім была прынята пастанова лічыць Цэнтральную Беларускую Раду Віленшчыны і Горадзеншчыны дзяржаўнай установай пад загадам Ураду БНР. А 27.06.1919 Бялевіч быў прызначаны дарадчыкам у вайсковых справах Беларускай дыпляматычнай місіі ў Нямеччыне і такім чынам стаў службоўцам Міністэрства замежных спраў БНР.

Пад восень 1919, калі фактычна праваліўся бальшавіцкі праект ССР Літвы і Беларусі, стала зразумела, што як вярхоўны правіцель А. Калчак, так і Саветы хочуць бачыць Беларусь у складзе Расеі. (Пры гэтым калчакаўцы абяцалі пытаньне пра аўтаномію Беларусі паставіць перад канстытуантай.) У такой сытуацыі старшыня Рады Народных Міністраў БНР А. Луцкевіч палічыў за лепшае паразумецца з Польшаю на карысьць прызнаньня беларускага Ўраду. Гісторык Д. Міхалюк піша, што такую пазыцыю Луцкевіча падтрымалі Бялевіч і Я. Ладноў. Падчас сустрэчы ў Парыжы зь міністрам-прэзыдэнтам Польшчы І. Падарэўскім прэм’ер-міністар БНР атрымаў вуснае запрашэньне ў Варшаву. І калі Луцкевіч выехаў у Польшчу, Бялевіч, часова ўключаны ў склад беларускай дэлегацыі на Мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы, у верас.— кастр. 1919 знаходзіўся ў сталіцы Францыі.

11.11.1919 Бялевіч быў ужо ў Бэрліне. 25.11 разам з Крачэўскім і Захаркам Бялевіч выехаў у Прагу, а 28.11 — з Прагі ў Варшаву. У Варшаве да іх далучыўся Луцкевіч, якога палякі інтэрнавалі і якому не давалі выехаць у Парыж, але дазволілі ехаць у Менск. Дазвол гэты быў дадзены пад умовай, што Рада БНР будзе ператворана ў Беларускую Нацыянальную Раду і стане такім чынам не дзяржаўным, а культурніцкім інстытутам. Вядома, Луцкевіч пажаданьні палякаў не зьбіраўся выконваць, але па-антыпольску настроеныя эсэры і сацыялісты-фэдэралісты вінавацілі прэм’ер-міністра ў прапольскай палітыцы.

Як вядома, 13.12.1919 на сэсіі Рады БНР адбыўся раскол. Эсэры і эсэфы стварылі паралельны Ўраду Луцкевіча кабінэт на чале з В. Ластоўскім. У змове супраць Луцкевіча ўдзельнічаў і Бялевіч, якога тая частка Рады БНР, што падтрымала Ластоўскага, прызначыла міністрам фінансаў. Прызначаны міністрам, Бялевіч, аднак, заставаўся ў Менску, калі не лічыць яго паездкі ў Коўна на судовы працэс у справе Цьвіркі-Гадыцкага. 17.05.1920 Ластоўскі пісаў эсэрам: «Ніхай выезджае Белевіч». 7.06.1920 ён паўтарыў сваё патрабаваньне, але міністар фінансаў у Рыгу, дзе меў прытулак Урад БНР, так і ня выехаў. У ліп., у часе бальшавіцкага наступу на Варшаву, Бялевіч напісаў Ластоўскаму ліст, зь якога вынікала, што ён застанецца ў Менску. 31.07.1920 пасьля адпаведнай працэдуры было прынята рашэньне лічыць, што Бялевіч выбыў са складу Рады Народных Міністраў.

Якраз 31.07.1920 была прынятая дэклярацыя аб абвяшчэньні незалежнасьці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (2-я БССР). Прадстаўнік эсэраў Я. Трафімаў, прытрымліваючыся палітычнай лініі партыі, падпісаць дэклярацыю адмовіўся. На знак пратэсту супраць гэтага Бялевіч выйшаў з БПС-Р. А неўзабавае яго прызвалі ў войска. У 1920–1922 служыў у Гомелі ў чыгуначных частках. У кастр. 1920 быў арыштаваны паводле падазрэньня ў «контаррэвалюцыйнай дзейнасьці», а праз паўгода вызвалены. Па вызваленьні працягваў службу.

Стаўшы зноў цывільным чалавекам, Бялевіч працаваў у каапэрацыі і прафсаюзах. Працяглы час (1925–1930) быў упаўнаважаным народнага камісарыяту фінансаў БССР, а ў 1931 г. перайшоў на працу ў сыстэму Вышэйшага савету народнай гаспадаркі.

19.03.1932 Бялевіча арыштавалі і асудзілі (2.10.1932 ) на 5 год лягероў. Адбываючы пакараньне ў Сьвірлягу (Ленінградзская вобл., Расея), 27.12.1936 быў зноў арыштаваны і асуджаны 8.02.1937 на 5 год лягероў з пазбаўленьнем правоў на 5 гадоў. Як можна меркаваць, гэтым разам пакараньне Бялевіч адбываў на Калыме.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG