Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўганістан: ня менш за 20 паліцыянтаў загінулі ў выніку нападу талібаў


Ілюстрацыйнае фота. Байцы аўганскіх сілаў бясьпекі
Ілюстрацыйнае фота. Байцы аўганскіх сілаў бясьпекі

Прынамсі 20 аўганскіх паліцыянтаў загінулі ў нядзелю раніцай у выніку штурму талібамі некалькіх кантрольна-прапускных пунктаў у нестабільнай паўднёвай правінцыі Забуль. Таксама прынамсі 15 чалавек атрымалі раненьні, паведаміў губэрнатар гэтай аўганскай правінцыі.

Мясцовыя чыноўнікі заклікалі аўганскія тэлеканалы надаць гэтым падзеям належную ўвагу, паколькі яны не змаглі атрымаць дапамогі ад вышэйшага кіраўніцтва і адзначылі адсутнасьць належнага парадку ў шэрагах органаў бясьпекі краіны.

Скаардынаваны напад адбыўся ўсяго празь месяц пасьля таго, як талібы забілі прынамсі 135 прадстаўнікоў сілаў бясьпекі ў паўночнай правінцыі Балх у найбольш сьмяротным нападзе паўстанцаў на аўганскую вайсковую базу. Тады талібы на сваім сайце ўзялі на сябе адказнасьць за напад.

Сэрыя нападаў сьведчыць пра ўзмацненьне талібаў пасьля таго, як больш за 15 гадоў таму яны былі адхіленыя ад улады войскамі ЗША і міжнароднай кааліцыі ў 2001 годзе. Свой штогадовы «вясновы наступ» талібы пачалі ў канцы красавіка, хоць і на працягу зімы іх сутыкненьні з урадавымі войскамі не спыняліся.

Падчас іншага інцыдэнту ў сталіцы Аўганістану Кабуле 20 траўня невядомымі ўзброенымі людзьмі былі застрэленыя нямецкая жанчына і ахоўнік, а яшчэ адну фінскую жанчыну зламысьнікі скралі, перш чым схавацца зь месца злачынства. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Аўганістану. Паводле яго слоў, інцыдэнт адбыўся перад жаночым пансыёнам, сьледзтва працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG