Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times піша пра адзін з самых сур'ёзных шпіёнскіх правалаў: у Кітаі зьніклі дзясяткі інфарматараў ЦРУ


Як паведамляе New York Times, цягам апошніх двух гадоў у Кітаі былі забітыя або адпраўленыя за краты ад 18 да 20 інфарматараў ЦРУ, што нанесла моцную шкоду разьведвальным апэрацыям у гэтай краіне.

Інфармацыю пра гэта выданьню перадалі былыя супрацоўнікі спэцслужбаў: усяго журналісты пагутарылі з чатырма зь іх.

Паводле іх словаў, гэта адзін з самых сур’ёзных правалаў за некалькі дзесяцігодзьдзяў. Яны распавялі, што агенты сталі зьнікаць у пачатку 2011 году. Як мінімум, адзін быў застрэлены на вачах у сваіх калегаў у двары дзяржаўнага будынка. Паводле New York Times, усяго 18 з 20 інфарматараў ЦРУ ў Кітаі былі забітыя або зьняволеныя. Гэтыя страты супастаўныя з колішнімі стратамі ЗША ў Савецкім Саюзе і Расеі з-за здрады двух шпіёнаў: Олдрыджа Эймса і Робэрта Хансэна.

Паводле адной з вэрсіяў, кітайцы здолелі ўзламаць сыстэму камунікацыі ЦРУ. Магчыма таксама, што сетка была раскрытая пры дапамозе «крата», укаранёнага контарвыведкай КНР у 2010 годзе. Дакладнага тлумачэньня дагэтуль няма.

Расьсьледаваньнем гэтай гісторыі занялася група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі ФБР і ЦРУ. Сьледзтва прывяло да аднаго былога апэратыўнага супрацоўніка ЦРУ, аднак супраць яго не было сабрана дастаткова доказаў. Цяпер ён жыве ў адной з азіяцкіх краінаў.

Ні ЦРУ, ні ФБР афіцыйна не камэнтуюць гэтыя паведамленьні.

Адміністрацыя Дональда Трампа прызначыла Тэры Брэнстада, губэрнатара штату Аёва, новым амбасадарам у Кітаі, але ён яшчэ не пераехаў у Пэкін.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG