Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава ўзбраеньняў


Выстава Milex, архіўнае фота
Выстава Milex, архіўнае фота

Восьмы раз у Менску адкрылася міжнародная выстава ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі Milex.

Як паведамілі ў прэс-службе Дзяржкамваенпрама, выставу наведаюць больш за 50 афіцыйных дэлегацый з 30 краін — як традыцыйных дзяржаў-партнэраў, так і патэнцыйных дзяржаў-заказчыкаў беларускай вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня.

Самыя прадстаўнічыя ўдзельнікі выставы з Расеі і Кітаю. Упершыню бяруць удзел кампаніі з Германіі, Славаччыны і Польшчы.

Экспанаваць сваю прадукцыю будуць амаль 80 беларускіх прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі. Арганізацыі, якія ўваходзяць у сыстэму беларускага Дзяржкамваенпрама, упершыню на выставе прэзэнтуюць каля 90 узораў узбраеньня, ваеннай і спэцыяльнай тэхнікі.

Асноўнай пляцоўкай выставы стаў спарткомплекс «Менск-арэна».

Напярэдадні старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Сяргей Гурулёў, прэзэнтуючы праграму выставы Milex-2017, сказаў, што Беларусь за апошнія пяць гадоў роўна ўдвая павялічыла экспарт прадукцыі вайсковага прызначэньня.

Паводле яго, у 2016 годзе пастаўкі ўзбраеньняў і абсталяваньня дасягнулі 1 мільярда даляраў. Гэты абʼём быў дасягнуты дзякуючы пастаяннаму пашырэньню рынку збыту:

«Цяпер узаемадзейнічаем з 52 краінамі, з больш як 30 працуем на заканадаўчым узроўні ў галіне вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Шырока прадстаўленыя ў СНД, Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Паўднёвай Амэрыцы, Эўропе, на афрыканскім кантынэнце. Традыцыйна добрыя ўзаемаадносіны з Інданэзіяй, Малайзіяй, дабраліся нават да Аўстраліі і Філіпінаў», — кажа Гурулёў.

На яго перакананьне, сёньня важна працаваць з замежнымі пакупнікамі комплексна — прапаноўваць ня часткі чаго-небудзь, а цэлыя комплексы.

Паводле Гурулёва, для беларускага абароннага сэктару плятформа Milex — зручная пляцоўка для рэалізацыі пэрспэктыўных праектаў, выхаду на новы тэхналягічны ўзровень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG