Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра міністра культуры Францыі, з чыйго Твітара паведамілі пра «сьмерць» Алексіевіч


Новы міністар культуры Францыі Франсуаз Нісэн кіравала выдавецкім домам Actes Sud, які публікаваў нобэлеўскіх ляўрэатаў Сьвятлану Алексіевіч і Імрэ Кертэса, а таксама адкрыла школу для асаблівых дзяцей. Radio France Internationale вывучыла біяграфію міністра, якая ў першы ж працоўны дзень сталай ахвярай розыгрышу.

Першы працоўны дзень новага міністра культуры Францыі пачаўся зь непрыемнага інцыдэнту. Раніцай 18 траўня на сайце выданьня Le Figaro зьявілася тэрміновая навіна пра сьмерць ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч. У якасьці крыніцы быў прыведзены твітэр-акаўнт Франсуаз Нісэн, новага міністра культуры і францускага выдаўца Алексіевіч. «Жудасная навіна. Мне паведамілі пра сьмерць Сьвятланы Алексіевіч. Ніякай іншай інфармацыі ў мяне няма», — гаварылася ў гэтым паведамленьні. Пры гэтым акаўнт, які нібыта належаў новаму міністру, ня быў вэрыфікаваны, быў створаны напярэдадні, і ў ім было ўсяго некалькі запісаў, накшталт: «Неўзабаве буду ў Канах».

Менш, чым праз гадзіну, Сьвятлана Алексіевіч абвергла беларускай службе Радыё Свабода інфармацыю пра ўласную сьмерць, выданьне Le Figaro таксама апублікавала абвяржэньне з выбачэньнямі, а ў фэйкавым твітэры Нісэн зьявілася паведамленьне, што акаўнт быў створаны ў якасьці розыгрышу італьянскім журналістам Тамаза дэ Бэнэдэці, вядомым у якасьці стваральніка фальшывых профіляў у свацсетках і інтэрвію са знакамітасьцямі. Пры гэтым уласнае імя італьянскага журналіста было напісана з памылкамі. Цяпер акаўнт выдалены.

Франсуаз Нісэн у час, калі зіявіўся фэйкавы твіт, знаходзілася на першым пасяджэньні савету міністраў Францыі.

Франсуаз Нісэн ужо была міністрам культуры перш, чым ім стаць.

Прызначэньне Нісэн міністрам вітаў увесь культурны сьвет Францыі. «Сапраўдны чалавек культуры на пасадзе міністра культуры», «перакананая прыхільніца Эўропы», «вядомая сваёй грамадзянскай пазыцыяй», — так француская прэса адгукнулася на навіну пра тое, што міністэрскую пасаду атрымала Франсуаз Нісэн. «Адна з самых незвычайных людзей у сваім стаўленьні да прафэсіі», — напісаў пра Нісэн партал кнігавыдаўцоў Livres Hebdo. «Франсуаз Нісэн ужо была міністрам культуры перш, чым ім стаць», — адрэагаваў на гэта прызначэньне вядомы літаратурны крытык Жаром Гарсэн.

Actes Sud, якім да ўчорашняга дня кіравала Нісэн, — самае маленькае зь вялікіх францускіх выдавецтваў і адно з самых вядомых і прэстыжных. Франсуаз Нісэн публікавала нобэлеўскіх (Сьвятлана Алексіевіч, Імрэ Кертэс) і Ганкураўскіх ляўрэатаў (Ляран Гадэ, Маціяс Энар, Жэром Ферары), модныя паўночнаэўрапэйскія дэтэктывы і францускія палітычныя эсэ.

65-гадовая Нісэн увасабляе абяцаньне новага прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона прыцягнуць ва ўрад прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Як распавёў агенцтву AFP муж Франсуаз Нісэн выдавец Жан-Поль Капітані, Макрон прапанаваў ёй міністэрскую пасаду тыдзень таму. «Спачатку мы падумалі, што гэта будзе ня вельмі разумна, але потым вырашылі, што гэта лёс», — патлумачыў Капітані, які цяпер узначальвае выдавецтва разам з трыма іхнымі з Франсуаз дочкамі і выдаўцом Аліўе Пі.

Мая сямʼя і тое выхаваньне, якое я атрымала, навучылі мяне быць адказнай і свабоднай, і для самарэалізацыі разьлічваць толькі на сябе.

Бэльгійка паводле паходжаньня (яна атрымала францускае грамадзянства каля 20 гадоў таму), малекулярны біёляг паводле адукацыі, выдавец паводле пакліканьня, Нісэн нарадзілася ў 1951 году Брусэлі. У Францыю пераехала ў 1978 годзе, усьлед за бацькам, які заснаваў Actes Sud. Працавала ў міністэрстве культуры ў Парыжы, затым, у пачатку 1980-х, паступова стала кіраваць выдавецкім домам бацькі ў Арле.

У Арле, дзе яны жывуць, Франсуаз Нісэн і Жан-Поль Капітані адкрылі два гады таму школу «для шчасьлівых дзяцей» — школу, дзе няма ні адзнак, ні пакараньняў. Гэта навучальная ўстанова для тых, «хто ня змог знайсьці сабе месца ў традыцыйнай сыстэме адукацыі, скіраваная на адзнакі», — тлумачыла будучы міністар у інтэрвію часопісу Télérama у сьнежні 2015 году.

Рашэньню стварыць асаблівую школу для асаблівых дзяцей папярэднічала асабістая драма: у 2012 годзе 18-гадовы Антуан, малодшы зь сямі дзяцей Нісэн і Капітані пазбавіў сябе жыцьця. «Але школа не вінаватая», — казала Нісэн у гутарцы з журналістам газэты Libération. Яна не захацела змагацца з традыцыйнай сыстэмай адукацыі, а прыдумала месца, «дзе мог бы вучыцца» яе сын. Сёньня ў школе «Прастора магчымасьцяў» (Lʼécole du Domaine du possible) вучацца каля ста дзяцей.

«Мая сямʼя і тое выхаваньне, якое я атрымала, навучылі мяне быць адказнай і свабоднай, і для самарэалізацыі разьлічваць толькі на сябе», — распавядала Франсуаз Нісэн у інтэрвію Télérama.

Першым афіцыйным візытам Нісэн у якасьці міністра культуры стане паездка на Канскі фэстываль.

XS
SM
MD
LG