Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт дзяржбясьпекі распачаў «справу лекараў»


КДБ Беларусі

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі паведамляе, што падчас перадачы хабару ў памеры 2,8 тысячы эўра быў затрыманы галоўны лекар Пінскага цэнтральнага шпіталю Асачук.

Пазьней за аналягічныя злачынствы трапілі пад варту яшчэ дзесяць супрацоўнікаў сыстэмы аховы здароўя ў Менску, а таксама ў Гомельскай, Магілёўскай і Гарадзенскай абласьцях. Сумы незаконных грашовых узнагарод складалі ад 400 даляраў да 5 тысяч.

Выяўлена, што службовыя асобы сыстэматычна атрымлівалі хабар за стварэньне ўмоваў для перамогі падчас тэндэрных таргоў для «патрэбных пастаўшчыкоў абсталяваньня і рэагентаў» у інтарэсах клініка-дыягнастычных лябараторый.

Пасьля ўдалага афармленьня зьдзелкі мэнэджэры камэрцыйных структураў перадавалі адказным работнікам да 5% ад кошту рэалізаваных тавараў. Падобныя схемы прыводзілі да падаражаньня прадукцыі на 30-70% для дзяржаўнага бюджэту, зь якога аплачваліся закупкі.

У дачыненьні згаданых асобаў распачаты крымінальныя справы паводле арт. 430 Крымінальнага кодэксу («атрыманьне хабару»), прад’яўлены абвінавачваньні і ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай.

Акрамя супрацоўнікаў сыстэмы аховы здароўя, паводле артыкулу 431 («даваньне хабару») затрыманыя і зьмешчаныя пад варту хабарадаўцы зь ліку функцыянэраў камэрцыйных структураў, у тым ліку кіраўнік прадпрыемства «Белрэамэд» Аганесян.

Таксама заведзеная крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 210 («крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры») у дачыненьні да галоўнага лекара Рэспубліканскага клінічнага шпіталю мэдычнай рэабілітацыі Масла.

Апошні арганізаваў крадзеж грашовых сродкаў, якія налічваліся падначаленым работнікам адміністрацыі ў выглядзе прэміяльных выплат на суму больш за 20 тысяч рублёў. Масла затрыманы, яму прад’яўлена абвінавачаньне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG